Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску распачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі пратэсту з нагоды падпісаньня расейска-беларускае дамовы.

Усяго ў Савецкі суд са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка канвой даставіў сямёх удзельнікаў акцыі. Гэта Мікола Раманаў, Вячаслаў Сіўчык, Славамір Адамовіч, Ігнат Петручук, Уладзімер Аляксандраў, Ірына Гурава й Сьцяпан Кульчанка.

Старшыня суду разгляд справаў даручыў весьці судзьдзям Іне Шэйко, Руслану Казадаеву й Аксане Рэляве. Паколькі ўсе затрыманыя патрабавалі адвакатаў, судзьдзі вымушаныя былі перанесьці судовыя паседжаньні на іншы тэрмін.

Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вячаслаў Сіўчык на сваё патрабаваньне весьці паседжаньне на беларускай мове атрымаў ад судзьдзі Іны Шэйко адмоўны адказ.

Вячаслаў Сіўчык так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:

(Сіўчык: ) "Напачатку суду судзьдзя Іна Шэйко пачала паседжаньне чамусьці на расейскай мове. На маё законнае патрабаваньне, што мая родная мова беларуская, і каб паседжаньне вялося на беларускай мове, яна адказала дзіўным пытаньнем, ці патрабуецца мне перакладчык. Я маю натуральнае права, каб паседжаньне вялося на дзяржаўная мове. У рэшце рэшт дайшло да таго, што яна абразіла мае нацыянальныя пачуцьці і адмовілася весьці працэс на беларускай мове.

Ня гледзячы на тое, што працэс быў перанесены на 14 сьнежня, бо я запатрабаваў сабе адваката, я ўсё роўна лічу, што беларусы маюць права ў Беларусі нават лукашэнкаўскім судом быць асуджаным на сваёй роднай беларускай мове. Я гэтага буду дамагацца".

Акрамя таго, ён распавёў пра некаторыя цікавыя падрабязнасьці сваёй адміністрацыйнае справы. Калі знаёміўся з матэрыяламі справы, то ўбачыў у ёй факс Сямёна Шарэцкага й вынятку з Крымінальнага Кодэксу, з артыкулу 61-га, у якім ідзе размова пра здраду дзяржаве. У артыкуле, у прыватнасьці, прадугледжана, што наўмысныя дзеяньні ва ўрон сувэрэнітету й тэрытарыяльнай недатыкальнасьці Беларусі караюцца пазбаўленьнем волі тэрмінам ад 10 да 15 гадоў або расстрэлам.

Цікава, што супрацоўнікі міліцыі адзінагалосна вырашылі, што друкаваньне гэтага крымінальнага артыкулу ёсьць парушэньне грамадзкага парадку, бо, на іхную думку, апазыцыя мае намер прыцягнуць да адказнасьці паводле 61-га артыкулу менавіта Аляксандра Лукашэнку.

Паэт Славамір Адамовіч так пракамэнтаваў нашаму радыё сваё затрыманьне й суд:

(Адамовіч: ) "Я, ўвогуле, не зьбіраўся садзіцца ўчора і затрымлівацца. Я зьбіраўся ўчора адзначыць чарговую спробу нас аб'яднаць. І зайшоў у краму "Крышталь". І толькі зайшоў на левы бок, купіў пакет малака і стаў у чаргу за алкаголем, і мяне і затрымалі. Гэта было вельмі весела ўспрынята чаргой.

Таксама цікавы момант, мы засталіся тэт-а-тэт з судзьдзём:І ён нешта цягнуў, мне здалося хацеў зацягнуць пачатак справы, былі выдаленыя людзі, на зашчапку дзьверы зачынілі. Пасьля майго хадайніцтва ўсё завяршылася. Я хадайнічаў пра прадстаўленьне адвакату і сьведак".

Усе затрыманыя распавялі пра тое, як старшы сэржант канвойнае службы ў машыне абвяшчаў ім правілы паводзінаў: паведаміў, што яны ня маюць права размаўляць, паліць, сядзець, шкодзіць маёмасьць, адхіляцца. У выпадку непадпарадкаваньня, маўляў, будзе ўжытая вагняпальная зброя. Паўтарыць усё гэта для нашага радыё сэржант адмовіўся, спасылаючыся на нейкі таямнічы загад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG