Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У той самы дзень, калі ў Крамлі ўрачыста падпісвалі беларуска-расейскую дамову, Масква ўнесла карэктывы ў сваю эканамічную палітыку – падвысіла экспартавыя пошліны на нафту. Як гэтае рашэньне адаб'ецца на эканамічнай сытуацыі ў Беларусі?

8 сьнежня ўступіла ў дзеяньне пастанова ўраду Ўладзімера Пуціна аб двухразовым падвышэньні ў Расеі экспартавай пошліны на нафту. Зь сёньняшняга дню, паводле дакумэнта, за кожную тону прададзенае за мяжу нафты расейскія гандляры абавязаныя плаціць расейскаму бюджэту 15 эўра.

Вайна ў Чачні ды ўчорашняя адмова Міжнароднага валютнага фонду прадаставіць Расеі чарговы транш крэдыту, безумоўна, павялічылі фінансавыя праблемы Масквы. Няма нічога дзіўнага і ў тым, што вырашыць іх было вырашана за кошт нафтавых кампаніяў. У выніку высокіх коштаў нафты на ўсясьветным рынку экспарт гэтае сыравіны прынёс кампаніям шматмільённыя прыбыткі.

Нягледзячы на гэта, сёньняшняе падвышэньне экспартавае пошліны на нафту выклікала нэгатыўную рэакцыю магнатаў расейскага нафтабізнэсу. Мяркуецца, што ў адказ яны прымуць захады, каб свае дадатковыя выдаткі перакласьці на плечы нутраных спажыўцоў і замежных ільготнікаў. У прыватнасьці, маскоўская газэта "Известия" прадказвае ў сваім сёньняшнім нумары рэзкае падаражаньне на нутраным рынку бэнзыну.

У сваю чаргу, гэтыя працэсы на расейскім нафтавым рынку справакуюць рост коштаў на нафту й нафтапрадукты ў Беларусі. Такія прагнозы нашаму радыё выказалі сёньня ў дзяржаўным канцэрну "Белнафтахім" і недзяржаўных структурах, што займаюцца нафтабізнэсам.

Як вядома, цяперашняе нафтазабесьпячэньне Беларусі цалкам залежыць ад Расеі. Паводле дамоўленасьці з урадам Расеі, нафтавыя кампаніі прадавалі Менску нафту па коштах, якія крыху ніжэй за ўсясьветныя. Аднак ня выключана, што павелічэньне экспартавае пошліны спрычыніцца да перагляду кампаніямі ільготнага рэжыму для беларускіх спажыўцоў.

Усе спробы атачэньня Лукашэнкі атрымліваць нафту па нутрырасейскіх цэнах пакуль што ня мелі посьпеху. Акрамя таго, Міністэрства паліва й энэргетыкі Расеі прапанавала беларускаму ўраду зьнізіць на наступны год транзытны тарыф праз сваю тэрыторыю.

Атачэнне Лукашэнкі, у сваю чаргу, высунула сустрэчныя ўмовы, паводле якіх расейскія кампаніі за транзыт павінны пастаўляць Беларусі болей, чым цяпер, нафты. На сёньняшні дзень гэтая спрэчка застаецца нявырашанай.

XS
SM
MD
LG