Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Як сёньняшнія беларускія газэты асьвятлялі тэму новае хаўруснае дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй?

Інтэграцыйная кампанія пры Лукашэнку цягнецца так бясконца доўга, што многія журналісты ў Беларусі стаміліся ўсур'ёз абмяркоўваць гэтую праблему.

Сёньняшняе падпісаньне ў Маскве беларуска-расейскае хаўруснае дамовы самым ляканічным і арыгінальным чынам адзначыла "Народная Воля": аніякіх камэнтароў, інфармацыі або фотаздымкаў на аб'яднальную тэму. Замест усяго гэтага – разьмешчаная на ўсю шырыню першае старонкі цытата з Крымінальнага кодэксу, з артыкулу пра здраду радзіме… "Дзеяньні, накіраваныя на шкоду сувэрэнітэту Беларусі і яе тэрытарыяльнае недатыкальнасьці, – цытуе газэта Кодэкс, – караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў або сьмяротным пакараньнем".

"Белорусская деловая газета" сёньня спрабуе адказаць на пытаньне "Ці хочуць беларусы ў Расею", апэлюючы да вынікаў лістападаўскага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў. Калі б рэфэрэндум праводзіўся ў мінулым месяцы, за аб'яднаньне ў адзіную з Расеяй дзяржаву прагаласавалі б 47 адсоткаў апытаных, супраць – больш як 34. Газэта зьвяртае ўвагу на тое, што, пачынаючы зь лету, колькасьць прыхільнікаў аб'яднаньня ўвесь час зьмяншаецца. Прычым, гэта адбывалася адначасова з прапагандысцкай інтэграцыйнай кампаніяй.

Лічбы сьведчаць пра тое, што сьцьвярджэньні пра адзінадушнае імкненьне беларусаў да аб'яднаньня – няпраўда. Да лета, як лічыць "БДГ", на інтэграцыйныя памкненьні многіх людзей уплываў так званы "югаслаўскі" сындром. Цяпер на зьмену яму прыйшоў сындром "чачэнскі": беларусы ня вераць, што пасьля аб'яднаньня іх не прымусяць ваяваць за інтарэсы імпэрыі на Каўказе.

Загалоўкі бальшыні дзяржаўных газэтаў 8 сьнежня нагадалі пра газэтныя старонкі 20-гадовае даўніны. Тая ж забаўная патэтыка, той жа высакамоўны патас.

Гартаю: галоўны загаловак сёньняшняй "Советской Белоруссии" – "Ад сэрца да сэрца"; газэты "Рэспубліка" – "Былі й будзем разам"; "Народнай газеты" – "Наша стратэгія – наш лёс". Зьмест цалкам адпавядае форме – набор прапагандысцкіх штампаў ды лёзунгаў пра вечнае братэрства й сяброўства.

Зрэшты, сустракаюцца й вельмі займальныя назіраньні й высновы. Напрыклад, дэпутат лукашэнкавае "Палаты прадстаўнікоў" Сяргей Касьцян на старонках "Народнай газеты" ўсур'ёз пераконвае беларусаў, што хаўрусная дзяржава будзе мець уласную канвэрсоўную валюту й гэта, як піша Касьцян, "прывядзе да аслабленьня пазыцыяў заходніх фінансавых магнатаў".

Тая ж "Народная газета" як доказ заўсёднага імкненьня беларусаў да аб'яднаньня, зьмяшчае статыстычныя зьвесткі пра тое, што ў Расеі жыве ўсё больш беларусаў: у 59-м годзе было 800 тысячаў, у 89-м – ужо мільён 200 тысячаў. Пры гэтым, відаць, праз рэдактарскі недагляд разам з гэтымі лічбамі у друк трапілі іншыя. З больш як мільёна расейскіх беларусаў свабодна валодаюць расейскай моваю, як паведамляе "Народная газета", 33 адсоткі.

Ці сьведчыць гэта лічба пра тое, што беларусы пачуваюць сябе ў Расеі як дома, і на якой мове размаўляюць астатнія 67 адсоткаў беларусаў, якія маюць расейскія пашпарты, газэта не паведамляе…

XS
SM
MD
LG