Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

З пытаньнем, як ставіцца да падпісаньня беларуска-расейскай саюзнай дамовы польскі бок і якія могуць быць вынікі гэтай дамовы для бліжэйшых суседзяў і для Эўропы, мы зьвярнуліся да дарадцы прэзыдэнта Польшчы ў пытаньнях усходняй палітыкі, шматгадовага амбасадара Польшчы ў Маскве Станіслава Цёсэка.

(Цёсэк: ) "На гэтае пытаньне пакуль цяжка адназначна адказаць, паколькі маем справу зь вельмі сур'ёзным працэсам. Усё яшчэ працягваецца працэс распаду даўняй савецкай імпэрыі.

Тут, ў гэтай частцы кантынэнту ўсё яшчэ ёсьць рэчы ня цалкам упарадкаваныя, ёсьць спробы інтэграцыі, дэзінтэграцыі, усемагчымыя канфлікты, і, хаця мы заплацілі за гэты распад адносна невысокую цану крыві, то усё яшчэ далёка да завяршэньня гэтага працэсу.

Невядомая яшчэ канцэпцыя сыстэмы эўрапэйскай бясьпекі, няясная яшчэ роля Расеі ва ўсім гэтым, не цалкам упарадкаваныя адносіны паміж Усходам і Захадам, няясна, дзе пралягае мяжа паміж імі. Мы намагаемся, каб яна сягала нават Владзівастоку, каб уключыць таксама ўвесь інтэлектуальны, гаспадарчы і вайсковы патэнцыял Расеі ў працэс прымірэньня і стабілізацыі.

Няма яснасьці адносна будучых межаў Эўразьвязу, НАТО. Адным словам, працэс усё яшчэ працягваецца і такі новы элемэнт, як аб'яднаньне, спалучэньне дзьвюх дзяржаваў, хаця і, нібыта, ў выпадку Расеі і Беларусі, яны маюць захаваць сваю самастойнасьць, будзе магчымым пазьней, калі пераканаемся, што гэты было волевыяўленьне народаў, грамадзтваў.

Калі гэты крок быў бы толькі рашэньнем правадыроў, палітычных элтітаў, але апазыцыя мела б сваю думку наконт аб'яднаньня і заручылася б падтрымкай, шырэйшай падтрымкай, з боку грамадзтва, дык тады на нашай усходняй мяжы мы мелі б ачаг дэстабілізацыі.

Так што зарана яшчэ гаварыць пра рэакцыю з боку грамадзтваў. Напэўна, яна будзе залежаць ад эканамічнага посьпеху аб'яднаньня, ці яно адчувальна нешта людзям дасьць, ці паўплывае на падвышэньне ўзроўню іхнага жыцьця, ці загарантуе асабістую і нацыянальную бясьпеку.

Пакуль што маем дачыненьне толькі з дэклярацыямі, і я лічу, што гэта адзін з элемэнтаў гепалітыкі. Я думаю, што час таксама пакажа, якія былі намеры ініцыятараў аб'яднаньня. Калі мае аб'яднацца Заходняя Эўропа, да якой часткова мы ўжо далучыліся разам з членствам ў НАТО, і чакаем на членства ў Эўразьвязе, а на другім баку аб'ядноўваецца другая частка кантынэнту, дык ў выніку грандыёзных зьменаў, якіх мы былі сьведкамі, мы можам дачакацца толькі новага падзелу.

Было б вельмі дрэнна, каб існавалі такія лініі падзелу ў Эўропе.

Гледзячы з шырэйшай пэрспектывы на гэтую падзею,
я не магу адказаць на пытаньне: што і каму гэта дасьць? Якія былі намеры ініцыятараў саюзу, і ў чым палягае сапраўднае значэньне гэтай падзеі?

Што тычыцца практычнага значэньня саюзнай дамовы, дык я ня схільны яе пераацэньваць, бо з ваеннага і з эканамічнага гледзішча мы і раней мелі справу з адной прасторай, карэнных зьменаў тут не адбылося, і няма падставаў для хваляваньня. Добра толькі было б, каб той працэс аб'яднаньня Беларусі і Расеі быў ня толькі вынікам палітычнай волі лідэраў, але каб ён карыстаўся падтрымкай з боку грамадзтваў.

З першых рэакцыяў розных палітычных элітаў Расеі бачна, што яны вельмі розныя. У Расеі саюзная дамова карыстаецца значнай падтрымкай, у Беларусі яна таксама ёсьць, хаця і ўвесь час зьмяншаецца. Адным словам, пачакаем, пабачым. Пакуль няма прычыны для нейкіх сьпешных рэакцыяў.

Калі гэта сувэрэнная думка, пазыцыя і воля народаў, якія зьдзяйсьняюць інтэграцыю, то гэта толькі іхная справа, і мы не павінны ўмешвацца, але калі б гэта было яднаньне з дрэннымі намерамі, якія мелі б разбураць кантынэнт, ствараць новыя лініі падзелу, то тады іншая справа.

Аднак, з гэтым трэба яшчэ пачакаць, як і няма што сьпяшацца з афіцыйнай рэакцыяй.

Са Станіславам Цёсэкам, дарадцам у пытаньнях усходняй палітыкі прэзыдэнта Польшчы і шматгадовым амбасадарам Польшчы ў Маскве гутарыў

XS
SM
MD
LG