Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Літоўскае інфармацыйнае агенцтва распаўсюдзіла рэакцыю сьпікера Сэйму Літоўскае Рэспублікі Вітаўтаса Ландзбэргіса на падпісаньне Лукашэнкам і Ельцыным дамовы аб утварэньні саюзнай дзяржавы паміж Беларусяй і Расеяй. Спадар Ландзбэргіс назваў падзею выклікам і зазначыў, што гэта можа абвастрыць міжнародную сытуацыю.

Ландзбэргіс сказаў, што дамова, якая заключаецца кіраўніком Расеі Барысам Ельцыным і ягоным калегам Аляксандрам Лукашэнкам паставіць пытаньне перад усімі дэмакратычнымі краінамі, перадусім, сябрамі Рады Эўропы, і гэта будзе пытаньне легітымнасьці Лукашэнкі і, адсюль – юрыдычнай сілы падпісаных у Маскве дакумэнтаў.

Палітык заявіў, што для Літвы, краіны, якая стараецца будаваць нармальныя працоўныя дачыненьні з рэальнай уладай у Беларусі, гэта будзе нялёгкае выпрабаваньне.

Вітаўтас Ландзбэргіс прапанаваў абмеркаваць пазыцыю Літвы на нардзе ў прэзыдэнта і пракансультавацца з суседнімі дэмакратычнымі краінамі.

Спадар Ландзбэргіс лічыць, што "неўзабаве прыйдзе час для кансультацыяў з Радай Эўропы і АБСЭ".

На думку Ландзбэргіса, тое, што Расея адкрыта бярэ на сябе адказнасьць за сытуацыю ў Беларусі – вельмі характарыстычна.

XS
SM
MD
LG