Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Рэакцыя Станіслава Шушкевіча.

(Карэспандэнт: ) "Станіслаў Станіслававіч, сёньня Лукашэнка ў аэрапорце заявіў, што гэты акт робіцца (цытую) "сымбалем пачатку маральнага аднаўленьня справядлівасьці"(канец цытаты). Відавочна, ён меў на ўвазе падпісаньне дамовы ў Віскулях. Ці Вы адчуваеце, што тады, 8 год назад, была парушаная нейкая справядлівасьць, аднаўленьне якой неабходнае? І Вашае стаўленьне да таго, што адбылося сёньня ў Маскве?"

(Шушкевіч: ) "Мне здаецца, што Вашае пытаньне некарэктнае. Тады была проста замацаваная справядлівасьць, і было вырашанае тое пытаньне, якое неабходна было вырашыць. Таму што ўсе ўдзельнікі гэтага падпісаньня фактычна прызнавалі, што Расейская Імпэрыя і апошняя яе форма – Савецкі Саюз, былі турмой народаў. І, фактычна, упершыню Расея афіцыйна прызнала незалежнасьць Украіны, Беларусі, і ўсіх астатніх рэспублік Савецкага Саюза. Яна заявіла, што можа будаваць адносіны не на імпэрскай аснове, але на нармальнай чалавечай аснове. На жаль, доўга гэта не пратрывала".

(Карэспандэнт: ) "Дзякуй, Станіслаў Станіслававіч. Хачу сказаць, што гэта не мая некарэктнасьць, а некарэктнасьць фармулёўкі ў вуснах Лукашэнкі. Гэта ён так заявіў".

(Шушкевіч: ) "Тут зусім іншае пытаньне вырашаецца. Туму што ён вырашае пытаньне захавацца пры ўладзе. Як Вы ведаеце, цяпер у Беларусі шырокамаштабны крызіс, ратунку, фактычна, няма, дурнота ўсплыла на паверхню, бо няма простых рашэньняў у дзяржаўнай эканоміцы. Трэба прымаць разумныя, складаныя рашэньні, а прымітыўныя рашэньні, якія можна растлумачыць каму хочаш… Гэта, ведаеце, можна вырашаць на ўзроўні дробнай гаспадаркі, паміж суседзямі. А дзяржаўная эканоміка – яна ў нас антырынкавая, і заняпад – у наяўнасьці, крызіс – у наяўнасьці, абвал рубля беларускага – фантастычны. І таму трэба ратавацца. Гэта для яго – ратунак.

На жаль расейскі бок бачыць толькі адзін бок: што Беларусяй разьлічваецца Лукашэнка за тое, што Расея яго захоўвае пры ўладзе і паставіла ўзурпатарам".

(Карэспандэнт: ) "Цяпер да Вас пытаньне як да лідэра Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ці бачыце Вы нейкія рэальныя мэханізмы, нейкія рэальныя мэтады, каб пазьбегчы гэтага працэсу анэксіі Беларусі?"

(Шушкевіч: ) "Вы бачыце, пытаньне вельмі няпростае. Таму што што да спрашчэньня адносінаў эканамічных – гэта трэба рабіць, трэба пашыраць адносіны з Расеяй, што да чалавечых – таксама…

Але ў гэтым дагаворы, тут новая пазыцыя, тут – палітычнае яднаньне. І супрацьстаяць можна чаму? Ні добрым адносінам з Расеяй, яны павінны быць добрымі. А супрацьстаяць трэба таму, што не павінна быць палітычнага яднаньня, не павінны беларусы бараніць Расею ў Чачні альбо дзе-небудзь ля Курылаў. Гэтыя канфлікты будуць там спрадвеку, там нічога не мяняецца. Праблемы існуюць. Беларусаў загінула больш за ўсё ў Афганістане ў пераліку на душу насельніцтва.

Як сябе паводзіць у межах здзейсьненага акту – будзем вырашаць. Ясна, што пратэставаць трэба, і трэба тлумачыць людзям што адбылося, і якая мэта. Мэта ж – бесчалавечная.

Таму, калі паглядзіш, каго зараз зьбіраюць перад тэлебачаньнем – гэта ж усе старыя намэнклятурныя адкіды. І калі яны гавораць, што няма нічога больш важнага, чым гэты дагавор, і калі ніхто не гаворыць, як навесьці парадак у родным доме – у Беларусі, агідна чуць, агідна бачыць, агідна слухаць".

Са Станіславам Шушкевічам гутарыў

XS
SM
MD
LG