Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Cёньня ў шэрагу рэгіёнаў Менскае вобласьці адбыліся паседжаньні ды сходы сябраў дэмакратычных арганізацыяў з нагоды падпісаньня хаўруснае дамовы між Беларусьсю і Расеяй.

Самы буйны сход мяйсцовых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Меншчыны сёньня ўвечары адбыўся ў Салігорску. Тут у офісе Беларускага Незалежнага прафэсійнага зьвязу, акрамя кіраўнікоў ды актывістаў БНП, сабраліся тутэйшыя лідэры й сябры Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада", Беларускага Народнага Фронту абодвух плыняў, Маладога Фронту, рэгіянальнага прадстаўніцтва няўрадавых арганізацыяў, Салігорскага клюбу выбарцаў.

Прадстаўнікі палітычных партыяў гаварылі пра нэгатыўныя наступствы хаўруснае дамовы, у прыватнасьці, пра русыфікацыю. У 100-тысячным горадзе, напрыклад, зараз засталася толькі адна школа зь беларускай моваю выкладаньня. Мова зьнікае і з вонкавага афармленьня ды тапанімікі места.

Прафзьвязавікі выказаліся адносна неабгрунтаваных абяцаньняў улады палепшыць пасьля заключэньня хаўруснае дамовы сацыяльнае становішча.

У адмысловай заяве, аднагалосна прынятай у Салігорску, згадваецца, што, акрамя эканамічнае шкоды, асыміляцыі ды зкалянізаванасьці, беларускаму народу гэтае пагадненьне анічога не прынясе.

Удзельнікі сходу дамовіліся між сабою аб арганізацыі ў бліжэйшыя дні пратэставых вулічных акцыяў у Салігорску супраць палітыкі паглынаньня Беларусі Расеяй.

Як стала вядома, гэткія ж акцыі вырашылі зьдзейсьніць да канца тыдню палітычныя прадстаўніцтвы дэмакратычных партыяў у Барысаве й Слуцку.

XS
SM
MD
LG