Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Яшчэ пад час апазыцыйнай акцыі пратэсту пачаліся захопы людзей, цяпер на вуліцах Менску йдзе паляваньне на ўдзельнікаў апазыцыйнай акцыі. Управа Беларускага Народнага Фронту абложаная двума дзясяткамі міліцэйскіх машынаў. Дакладная колькасьць затрыманых людзей у пастарунку невядомая.

Пасьля таго, як а 18-й гадзіне на праспэкце Скарыны быў спалены расейскі сьцяг, удзельнікі шэсьця скіраваліся калёнаю да пляцу Перамогі. Супрацоўнікі міліцыі зрабілі жывы ланцуг уздоўж праезнай часткі, каб не даць людзям магчымасьці перакрыць дарожны рух.

Калі калёна дэманстрантаў, скандуючы антыпрэзыдэнцкія і антырасейскія лёзунгі, дайшла да Купалаўскага сквэру, насустрач ім выбеглі з двароў АМАП-аўцы.

Дэманстранты дайшлі да пераходу ля цырку й паспрабавалі яшчэ раз перакрыць праезную частку, але АМАП-аўцы накінуліся на іх з дубінкамі. Паколькі іх было значна больш, чым дэманстрантаў, яны перамаглі ў гэтай сутычцы.

Як толькі людзі апынуліся на ходніках, пачалася новая сутычка зь міліцыянтамі. Людзей пачалі хапаць, кідаць на зямлю.

Міліцэйскія апэратары, якія вядуць відэазапіс, пачалі бойку з жанчынамі. Нейкая кабета, трымаючы абарону, зачапіла міліцэйскую відэакамеру. У выніку відэакамера, якая належыць галоўнай управе нутраных справаў, пазбавілася японскага акумулятара.

Супрацоўнікі міліцыі пачалі пагражаць журналістам, што цяпер яны ім таксама будуць перашкаджаць здымаць. Журналісты толькі паціскалі плячыма. Міліцыянты паспрабавалі выцягваць людзей з натоўпу, але атрымалі адпор.

Пасьля гэтага калёна дэманстрантаў зноў скіравалася ў бок пляцу Якуба Коласа. На рагу вуліцы Варвашэні й праспэкта Скарыны зьявілася яшчэ большая колькасьць міліцыянтаў.

Частка людзей пайшла на Ўправу БНФ, за імі накіраваліся некалькі машынаў з групамі захопу. Яны аблажылі Ўправу. Людзі чакаюць, пакуль ім дадуць каманду "Адбой".

Дэпутата Валерыя Шчукіна затрымалі ў тралейбусе, калі ён ехаў дахаты. Яго адвезьлі ў Савецкі РАУС, склалі там пратакол і адпусьцілі.

А намесьніка старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вячаслава Сіўчыка адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

Непаўнагадовы Зьміцер Касьпяровіч адпушчаны дахаты. Гэты школьнік быў моцна зьбіты, міліцыянты выбілі яму зуб, парвалі вопратку.

Паэт Славамір Адамовіч таксама быў схоплены й дагэтуль утрымліваецца ў пастарунку. Разам зь ім знаходзяцца яшчэ каля 20 чалавек, але дакладную колькасьць затрыманых людзей міліцыянты адмовіліся паведаміць нашаму радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG