Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Сеньня Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб стварэньні саюзнае дзяржавы. Падпісаньне дамовы выклікала у Расеі прадказальную рэакцыю. Правыя партыі і шэраг рэгіянальных лідэраў выказаліся супраць. Усе астатнія – за. Рэпартаж з Масквы.

Падпісаньне новае саюзнае дамовы адбылося сеньня апоўдні у Крамлі. Барыс Ельцын назваў гэта гістарычнай зьявай. А Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэта толькі чарговы этап інтэграцыі, і у будучым будзе распрацаваная яшчэ адна саюзная дамова.

З гэтых словаў можна зрабіць выснову, што за апошнія тыдні ніякіх значных зьменаў у праект дамовы ўнесена не было. Праўда, у самой Расеі тэкст дамовы не абмяркоўваецца. Тут надаюць увагу толькі факту падпісаньня дакумэнту.

Расейскія назіральнікі сыходзяцца на думцы, што хвароба Барыса Ельцына, якая не дазволіла падпісаць дамову напрыканцы лістапада, была ўсе ж дыпляматычнай. Так, на думку газэты "Коммерсантъ", прэзыдэнт Расеі адтэрмінаваў падпісаньне дамовы толькі дзеля таго, каб цяперашні склад расейскай Дзяржаўнай думы не пасьпеў яе ратыфікаваць. Магчыма, Крэмль лічыць, што ратыфікацыя дамовы з Беларусьсю будзе добрай рэклямай камуністам напярэдадні парляманцкіх выбараў.

Але гэты плян не спрацаваў. 6-га сьнежня Ельцын сустрэўся у Крамлі з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмай. На сустрэчы расейскі прэзыдэнт выглядаў абсалютна здаровым. У гэтай сытуацыі далейшае ігнараваньне Лукашэнкі выглядала б занадта непаважлівым.

Сеньня дамову падпісалі. Але Дума яшчэ можа яе ратыфікаваць. Нягледзячы на тое, што разьвітальнае паседжаньне думы адбылося на мінулым тыдні, дэпутаты зьбяруцца яшчэ раз. Па словах Генадзя Селязьнёва, ратыфікацыя плянуецца на 13 сьнежня на спэцыяльным паседжаньні Думы.

Шэраг праціўнікаў саюзнае дамовы з Беларусьсю заяўляюць пра яе папулісцкі характар. Пры гэтым, усё большую папулярнасьць набывае думка, што ня можа быць іньшай інтэграцыі, акрамя як далучэньне Беларусі да Расеі.

Кіраўнік Цэнтру эканамічных рэформаў Уладзімер Мау піша у часопісе "Итоги", (цытую): "Ня трэба лукавіць: суадносіны маштабаў Расеі і Беларусі такія, што сур'ёзная размова можа і павінна ісьці толькі аб далучэньні Беларусі да Расеі, нават, калі па форме гэта і будзе выглядаць як саюзная дзяржава. Альтэрнатывай гэтаму, – піша далей расейскі эканаміст, – можа быць толькі падпарадкаваньне Расеі волі харызматычнага беларускага правадыра". (канец цытаты)

Дарэчы, Дума ўскосна падцьвердзіла такую думку. Напярэдадні свайго апошняга паседжаньня дэпутаты прынялі у першым чытаньні закон "Аб парадку прыняцьця у Расейскую Фэдэрацыю і стварэньня ў яе складзе новых суб'ектаў Расейскай Фэдэрацыі". На гэты конт газэта "Сегодня" піша, (цытую): "што тычыцца ўступленьня ў Расейскую Федэрацыю новых суб'ектаў, дык жадаючых пакуль ня бачна. Дэпутаты, хутчэй за усё, мелі на ўвазе бесперапынны працэс аб'яднаньня з Беларусьсю". (канец цытаты)

І, нарэшце, непасрэдная рэакцыя на падпісаньне дамовы. Саюз правых сілаў правёў несанкцыянаваны пікет ля амбасады Беларусі ў Расеі. Удзельнікі пікета трымалі плякаты з надпісамі "Лукашэнка – забойца", маючы на увазе, зьнікненьні у Менску апазыцыйных палітыкаў. Блізу дзесяці ўдзельнікаў пікету былі затрыманыя маскоўскай міліцыяй.

Прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аушаў заявіў сеньня (цытую): "Калі Беларусь гатовая ўвайсьці у склад Расеі на правах суб'екту – то, калі ласка. А калі не гатовая – няма чаго ў саюз лезьці. Чаму, напрыклад, у татарскага народу павінна быць менш правоў у гэтым саюзе, чым у беларусаў? Хаця татар больш, чым беларусаў. Гэта будз вялікая размова для Расеі" (канец цытаты)

Большасьць палітыкаў падтрымалі падпісаньне дамовы. Так, Віктар Чарнамырдзін, заявіў (цытую): "Сеньня закладзеная аснова стварэньня саюзнае дзяржавы, і зараз пачнецца сур'ёзная праца па яе будаўніцтву".

А газета "Коммерсантъ" праілюстравала падпісаньне такім чынам. Яна надрукавала фотаздымак зь Менску, дзе на плоце намаляваны лёзунг – "Беларусь – наш дом". Подпіс пад здымкам у газэце гучыць так: "Хутка гэта будзе і наш дом".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG