Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Аляксандар Лукашук

"Пакіньце Грозны альбо вас заб'юць" – з такім ультыматумам зьвярнулася расейскае камандаваньне да жыхароў сталіцы Ічкерыі. "Расея дорага заплаціць за гэтыя дзеяньні", – заявіў учора прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Біл Клінтан.

Расейкія самалёты скідваюць на Грозны ўлёткі з патрабаваньнем пакінуць горад да сыботы, калі павінен пачацца артылерыйска-бомбавы абстрэл сталіцы. У бясьпечны калідор накіроўваюцца многія, але далёка ня ўсё з тых 40 тысячаў чалавек, якія, паводле інфармацыі чачэнскага боку, яшчэ застаюцца ў горадзе. Расейцы ацэньваюць колькасьць насельніцтва ў 20 тысячаў.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан рэзка скрытыкаваў апошнюю акцыю Масквы. Гэта пагроза жыцьцям старых, хворых, параненых ды іншых нявінных цывільных, якія альбо ня ў стане альбо баяцца пакінуць свае дамы, сказаў Клінтан.

"Расея дорага заплаціць за гэтыя дзеяньняі, з кожным новым днём яна ўсё больш апускаецца у багну, якая толькі ўзмоцніць экстрэмізм і прынізіць ейны стан у сьвеце" – заявіў Біл Клінтан.

Эўрапэйскі Зьвяз выступіў з пратэстам супраць расейскага ўльтыматуму і заклікаў да палітычнага вырашэньня канфлікту. Міністры замежных справаў Эўразьвязу асудзілі непрапарцыйнае і неабачлівае выкарыстаньне сілы ў Чачні, якое прывяло да жорсткіх пакутаў цывільнага насельніцтва.

Міністэрства замежных справаў Расеі сёньня заявіла, што заявы Захаду Масква разглядае не як крытыку, а як праяву клопату пра гуманітарны аспэкт апэрацыі. Улёткі, што скідваюцца на Грозны, паводле афіцыйнай вэрсіі вайскоўцаў, усяго толькі папярэджаньне, і Расея мае намер "максымальна дапамагчы мірнаму насельніцтву", заявіў прадстаўнік МЗС Расеі.

Апошні ўльтыматым лягічна кладзецца ў расейскую тактыку на гэтай вайне, адзначае "Washington Post". Гарады, якія пагадзіліся з падобнымі ранейшымі ўльтыматумамі і здаліся, не былі разбураныя. Але паселішчы, дзе чачэнцы аказалі супраціў, былі збамбаваныя зусім ня бомбамі дакладнага навядзеньня, а таксама абстраляныя ўстаноўкамі тыпу "Град", якія б'юць па шырокіх плошчах, у выніку чаго ў першую чаргу гіне цывільнае насельніцтва.

Прапанаваны калідор бясьпекі выклікае страх у многіх чачэнцаў пасьля таго, як на мінулым тыдні дзесяткі ўцекачоў былі растраляныя, паводле некаторых сьведчаньняў, расейскім АМОНам. За апошнія два тыдні, паводле чачэнскіх крыніцаў, загінулі сотні мірных жыхароў. Расейскі бок адмаўляе гэтыя абвінавачаньні.

Ультыматум, у першую чаргу, адрасуецца прыкладна 5 тысячам чачэнскіх байцоў, якія супрацьстаяць колькасна нашмат большай расейскай групоўцы, што абклала горад. Аднак самі чачэнцы заяўляюць, што могуць лёгка пакідаць горад, пераходзіць за лінію расейскіх войскаў і вяртацца.

"Washington Post" адзначае палітычнае значэньне новага этапу вайны на Каўказе: набліжаюцца парлямэнцкія выбары. Палітыка прэм'ер- міністра Пуціна карыстаецца шырокай папулярнасьцю ў расейскім грамадзтве і можа прынесьці істотныя дывідэнты ў барацьбе за ўладу.

Аднак, як адзначае ангельская "Guardian", нядаўна падобны ж шум падымалі на саміце АБСЭ, але без канкрэтных санкцыяў словы ня мелі ўплыву на Маскву. Цяпер, калі стан чачэнцаў рэзка пагоршыўся, эўрапейскія лідэры павінны перастаць выкарыстоўваць розныя зачэпкі для таго, каб нічога не рабіць, і ўжыць шматлікія фінансавыя і дыпляматычныя рычагі ціску на Маскву.

Мэтай апошняга бамбаваньня Грознага аналітыкі называюць запалохваньне мірнага насельніцтва. Зараз расейцы абмяркоўваюць ужываньне так званых аэразольных бомбаў, – піша "Washington Post". Спачатку ў паветры ўтвараецца вялізнае воблака газу, які ўцягваецца ў будынкі, бункеры, сховішчы – усюды, дзе ёсьць плыня паветра. Затым адбываецца ўспышка і выбух, які татальна зьнішчае будынкі, людзей і ўсё жывое, што дыхае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG