Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пад час працэсу над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым былі зачытаныя ранейшыя паказаньні былога старшыні акцыянэрнага таварыства "Расьвет" Васіля Старавойтава й кіраўніка цэху Аляксандра Яўстратава, у якіх сьцьвярджалася, што Лявонаў не плаціў за атрыманыя з "Расьвету" харчы й мэблевы гарнітур. Між тым Старавойтаў і Яўстратаў зьявіцца ў суд дзеля дачы гэтых паказаньняў адмовіліся. Сам падсудны называе агалошаныя матэрыялы хлусьнёю.

З эпізодам вакол паказаньняў былога старшыні "Расьвету" Васіля Старавойтава і ягонага падначаленага, кіраўніка фарбавага цэху Аляксандра Яўстратава, удзельнікі працэсу над былым міністрам Лявонавым, хутчэй за ўсё, зьвязвалі свае асноўныя надзеі.

Пракурор упэўнена заяўляў, што менавіта гэтыя паказаньні пераканаюць суд, што Лявонаў, сапраўды, хабарнік. Пры гэтым пракурор пагаджаўся не выклікаць Старавойтава і Яўстратава ў суд, а абмежавацца зачытваньнем іхных паказаньняў, што былі дадзеныя пад час сьледзтва. Са свайго боку, Васіль Лявонаў настойваў на допыце сьведкаў у судзе. "Я хачу глядзець ім у вочы", – казаў былы міністар.

Калі стала вядома, што і Старавойтаў, і Яўстратаў адмовіліся выступаць у судзе ў якасьці сьведкаў, спасылаючыся на тое, што яны па гэтай жа справе праходзілі абвінавачванымі, абарона Лявонава выступіла ўвогуле супраць зачытваньня іхных паказаньняў.

"Абвінавачваныя не забавязаныя казаць толькі праўду. Груба кажучы, у мэтах абараніць сябе яны могуць некага агаварыць – у прыватнасьці, Лявонава. Менавіта у такім стане знаходзіліся Старавойтаў і Яўстратаў, калі восеньню 97-га году іх дапытвалі наконт хабару Лявонаву", – даводзіў грамадзкі абаронца Барыс Звозкаў.

Суд аднак, вырашыў сьведчаньні Старавойтава і Яўстратава зачытаць. Барыс Звозкаў потым наступным чынам пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Звозкаў: ) "Ёсьць закон, які забараняе агучваць паказаньні сьведкі, якія ён даў на сьледзтве, але ж сёньня судзя абвесьціў паказаньні сьведак, якія адмовіліся даваць паказаньні ў судзе. Гэта простае парушэньне закону".

І вось сёньня паказаньні Васіля Старавойтава і Аляксандра Яўстратава зачытаныя. Калі першы прызнаваў толькі тое, што ў яго, сапраўды, былі размовы зь Лявонавым наконт набыцьця ў "Расьвеце" мэблевага гарнітуру і што гэты гарнітур, сапраўды, быў адпраўлены на дачу міністру без папярэдняй аплаты, а далейшага Старавойтаў не памятае, то былы начальнік фарбавага цэху Аляксандар Яўстратаў аказаўся больш дакладным.

Ён падрабязна ўзгадаў, калі й колькі кіляграмаў мяса, каўбасаў ды вяндліны прывозіў на лецішча Лявонаву на загад Старавойтава. Паводле словаў Яўстратава, толькі за 96-ы год былы міністар атрымаў з "Расьвету" 190 кіляграмаў сьвініны, 70 – ялачавіны, 40 батонаў каўбасаў, ледзь не 200 слоікаў кансэрваванае гародніны ды паўцэнтнэры сьвежай рыбы.

Прычым, у бальшыні выпадкаў Яустратаў нібыта прывозіў прадукты на лецішча ў адсутнасьць гаспадароў і пакідаў іх у лазьні. Праўда, чамусьці апісаць дакладна, як гэтая лазьня выглядала, ён ня здолеў.

"Усё гэта да апошняга слова хлусьня", – сказаў пра пачутае Васіль Лявонаў і папрасіў суд зьвярнуць увагу на дзень, калі зьявіліся гэтыя паказаньні – 12 лістапада 1997 году, на другі дзень пасьля арышту Лявонава. Жонка экс-міністра Антаніна Лявонава таксама абураная паказаньнямі Яўстратава і зьвяртае ўвагу на тую ж самую дату.

(Лявонава: ) "Вядома, гэта хлусьня. Хіба можна зьесьці гэта ўсё нармальным людзям. Больш за тое, у нас вельмі добрая цяпліца. Да таго як арыштавалі майго мужа, Яўстратаў даваў паказаньні, што ўся гэтая каўбаса і мяса, якія ён браў, 30 працэнтаў ён аддаваў рабочым свамі, а 70 працэнтаў аддаваў на прыём розных гасьцей. А як толькі майго мужа арыштавалі 17 лістапада, ён ужо даў іншыя паказаньні, бо можна на начальніка ўсё сьпісаць"

Гэта была жонка Васіля Лявонава Антаніна Міхайлаўна.

Працэс над былым міністрам сельскае гаспадаркі працягваецца.

XS
SM
MD
LG