Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі плянуюць правесьці заўтра шэраг несанкцыянаваных акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня ў розных рэгіёнах краіны, каб прадэманстраваць свой пратэст супраць падпісаньня ў Маскве беларуска-расейскае хаўруснае дамовы.

Найбольш пасьлядоўнымі праціўнікамі дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы зьяўляюцца прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту. Вось што паведаміў нашаму радыё адносна заўтрашніх акцыяў пратэсту намесьнік кіраўніка БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Бальшыня беларускага народу выступае супраць заключэньня гэтай дамовы. Менавіта таму заўтра яны паспрабуюць ціха гэтую дамову ў 11.40 у Георгіескай залі Крамля падпісаць. І задача беларускіх патрыётаў наладзіць, наколькі магчыма, заўтра акцыю грамадзкага непадпарадкаваньня ў той форме, як гэта магчыма.

І ў Менску я заклікаю людзей прыйсьці ў 11 і 17 гадзінаў на плошчу Якуба Коласа. Людзям трэба сабрацца і выказаць свае сапраўдныя адносіны да акупацыі нашай краіны, бо немагчыма моўчкі пераносіць нацыянальную ганьбу.

Тое, што ўсё-ткі гэтую дамову падпісваюць, гэта ёсьць нацыянальная ганьба, і мы мусім на гэта адрэагаваць.

Акрамя таго, я хацеў бы выкарыстаць магчымасьць і зьвярнуцца ня толькі да сябраў партыі Беларускага Народнага Фронту і Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", але ж і да сябраў КХП, АГП, БСДГ, БСДПНГ, да беспартыйных людзей, каб яны ў рэгіёнах узялі адказнасьць на сябе, каб у гэты дзень па ўсёй краіне адбываліся розныя па форме акцыі пратэсту".

Такую форму пратэсту супраць страты беларускае незалежнасьці падтрымліваюць і прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада". Яны таксама зьбіраюцца ўзяць удзел у заўтрашняй акцыі. Паводле словаў кіраўнікоў гэтае партыі, улады ня могуць забараніць патрыятычна настроеным грамадзянам выказаць свае адносіны да падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам хаўруснай дамовы.

Кіраўніцтва АГП афіцыйнага рашэньня наконт удзелу сваіх сяброў у заўтрашняй акцыі не прымала. Прадстаўнікі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі цяпер рыхтуюцца да акцыі, якая павінна адбыцца 10 сьнежня каля адміністрацыі Лукашэнкі, аднак у штаб-кватэры партыі не выключаюць, што прадстаўнікі АГП возьмуць у ёй удзел як простыя грамадзяне.

XS
SM
MD
LG