Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Сёньня ў Вільні распаўсюджаная заява Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага з нагоды меркаванага падпісаньня саюзнае дамовы ў Маскве. Сямён Шарэцкі, ў прыватнасьці, адзначае: "Пры аднаўленьні дэмакратыі саюзную дамову чакае той жа лёс, што і пакт Молатава-Рыбентропа".

Так званы саюзны дагавор з Расеяй, – гаворыцца ў заяве Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага, – падпісваецца грмадзянінам Лукашэнкам, тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў якога скончыўся 20 ліпеня сёлета, аб чым заявіў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь – адзіны заканадаўчы і прадстаўнічы ворган, прызнаны міжнароднымі арганізацыямі – АБСЭ, Радай Эўропы, Эўразьвязам, Парлямэнцкай Асамблеяй НАТО і многімі дзяржавамі сьвету.

Больш таго, – гаворыцца далей у заяве Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага, – Лукашэнка ўзначальвае рэжым, супраць якога 1 сьнежня 1999 году ўзбуджаная крымінальная справа па факце захопу і ўтрыманьня ўлады неканстытуцыйным шляхам. Падпісаньне дагавора ажыцьцяўляецца ва ўмовах створанага ў Беларусі дыктатарскага рэжыму і немагчымасьці свабоднага і дэмакратычнага абмеркаваньня зьместу і наступстваў гэтага акту.

Кіраўнік Вярхоўнага Савету лічыць, што паводле ступені злачыннасьці, падпісаньне згаданага дагавору можна параўнаць толькі із заключэньнем пакту Молатава-Рыбентропа, якое адбылося 60 год таму ў той жа Маскве.

Выказваючы сваю заклапочанасьць далейшым лёсам беларускага народу, Старшыня Вярхоўнага Савету ад імя парлямэнту ўжо зьвяртаўся да прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі Барыса Ельцына, прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана і прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра з прапановай разгледзець пытаньне аб дадзеных іх дзяржавамі абавязальніцтвах паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існуючыя межы Рэспублікі Беларусь, а таксама аб той пагрозе, якую ўяўляе сабой сытуацыя ў Беларусі для міжнароднага міру і бясьпекі.

Падзея, якая плянуецца на заўтра, – гаворыць Сямён Шарэцкі ў сваёй заяве, – прымушае мяне зноў з асаблівай трывогай заявіць:

1. Наладжаны ў Маскве спэктакль нічога агульнага ня мае з рэальнай сытуацыяй і настроямі грмадзтва ў Рэспублікі Беларусь.

2. Падпісаньне ў Маскве так званага саюзнага дагавора ёсьць з самага пачатку антыканстытуцыйным і незаконным, ня мае ніякіх юрыдычных наступстваў, і пры аднаўленьні ў Беларусі дэмакратыі, яго чакае той жа лёс, што і пакт Молатава-Рыбентропа.

Гаворыцца ў заяве Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага, распаўсюджанай сёньня ў Вільні.

XS
SM
MD
LG