Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Заўтра адбудзецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею, пад час якога будзе падпісаная дамова аб стварэньні хаўруснае дзяржавы.

Беларуская дэлегацыя прыбывае ў Маскву ў сераду ўраніцу. Пасьля ўскладаньня кветак да Магілы невядомага салдата каля крамлёўскага муру адбудзецца сустрэча Лукашэнкі й Ельцына сам насам, потым пройдзе паседжаньне Вышэйшае Рады Хаўрусу.

Плянуецца, што а палове на адзінацатую раніцы паводле менскага часу ў Георгіеўскай залі Крамля адбудзецца ўрачыстая цырымонія падпісаньня дамовы, а таксама праграмы дзеяньняў у рэалізацыі палажэньняў дамовы. Пасьля падпісаньня інтэграцыйных дакумэнтаў Лукашэнка выступіць у маскоўскай штаб-кватэры агэнцыі "Interfax".

На сераду заплянаваныя таксама ягоныя сустрэчы са старшынём Дзяржаўнае думы Генадзем Селязьнёвым і кіраўніком руху "Наш дом – Расея", старшынём Рады дырэктараў "Газпраму" Віктарам Чарнамырдзіным. Мяркуецца, што Лукашэнка наведае Сьвята-Данілаў манастыр, дзе сустрэнецца з патрыярхам Усяя Русі Алексіям ІІ.

У чацьвер ураніцу, напярэдадні ад'езду ў Менск, Лукашэнка правядзе перамовы са старшынём расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што парадак дня візыту не прадугледжвае сустрэчаў зь лідэрамі блёку "Айчына – Уся Расея" Прымаковым і Лужковым – Лукашэнка ня хоча дражніць Крэмль, які вядзе з прымакоўска-лужкоўскім блёкам вайну на зьнішчэньне.

Учора сьпікэр Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў заявіў, што 13 ці 14 сьнежня Дума можа сабрацца на надзычайнае паседжаньне, каб ратыфікаваць дамову. Ён сказаў, што Дума прапаноўвала іншы варыянт інтэграцыі і крытыкавала прапануемы праект.

Селязьнёў выказаў спадзяваньне, што дэпутацкія прапановы стануць "наступным крокам". "Мы набліжаемся да таго, каб стварыць нармальную канфэдэрацыю", – сказаў сьпікэр Дзяржаўнае думы Расеі.

Дарэчы, пакуль дакладна невядома, які ж дакумэнт падпішуць кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў, наколькі ён адрозьніваецца ад тэксту, які выносіўся на "ўсенароднае абмеркаваньне". На мінулым тыдні, пад час тэлефонае размовы з Лукашэнкам Барыс Ельцын заявіў, што ў расейскага боку ёсьць заўвагі да тэксту дамовы.

Некаторыя наглядальнікі лічаць, што затрымка з падпісаньнем дамовы была сродкам ціску на Лукашэнку, спробаю прымусіць яго пайсьці на нейкія саступкі Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG