Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

"Чачэнская вайна падвышае важнасьць расейскіх афіцэраў" – пад такім назовам выйшаў артыкул Дэвіда Хофмана ў "International Herald Tribune". Тэма ваенных дзеяньняў Расеі супраць Чачні – адна з асноўных тэмаў у міжнародных сродках масавай інфармацыі.

Расейскія войскі працягваюць абстрэл сталіцы Чачні Грознага. Інфармацыйнае агенцтва "Каўказ-Цэнтар" паведамляе пра пачатак павольнага штурму Грознага.

З расейскіх штабоў ідзе інфармацыя аб 67 баявых вылетах для ўдараў па ваколіцах Грознага, а таксама па штабох, інфраструктуры самой сталіцы Чачні, кватэрах кіраўнікоў чачэнскага вызваленьня, па прэсавым цэнтры. Усяго для забесьпячэньня баявых дзеяньняў наземных войскаў, расейская авіяцыя зьдзейсьніла 117 вэрталётных вылетаў…

Паводле інфармацыі Марка Галіоці, экспэрта з Кільскага ўнівэрсытэту, Масква паслала ў Чачню каля 100 тысячаў чалавек. Амаль столькі ж, колькі Савецкі Саюз у Афганістан.

Цяпер вайсковыя дзеяньні вядуцца ў паўднёва-заходнім кірунку ад Грознага – у райцэнтры Урус-Мартан. Паводле інфармацыі РИА-Новости, ва Ўрус-Мартане супраціў фэдэральнай арміі аказваюць 2,5 тысячы чачэнскіх апалчэнцаў. Ваенныя апэрыцыі праводзяцца і ў населеным пункце Алхан-Юрт Урус-Мартанаўскага раёну. Гэта – на самых подступах да Грознага.

Расейскі тэлеканал НТВ паведаміў, што расейцы робяць усё для таго, каб узяць пад кантроль раён Аргуна, што ў 15-ці кілямэтрах ад Грознага. Прэсавы цэнтар Аб'яднанае групоўкі войскаў на Паўночным Каўказе сьцьвярджае, што па ўсім пэрымэтры Грознага, таксама ў іншых населеных пунктах, чачэнскімі байцамі ўстаноўленыя фугасы, для ўладкаваньня якіх выкарыстоўваюцца балёны з хлёрам і аміякам, 200 літравыя бочкі і чыгуначныя цыстэрны. Такія фугасы абсталяваныя прыборамі для дыстанцыйных выбухаў.

Прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў праз чачэнскую тэлевізію заклікаў да партызанскай вайны. Associated Press са спасылкай на словы чачэнскага партызана Саббудзіна Радуева паведамляе: "Нягледзячы на тое,што расейскія сілы кантралююць усе дарогі вакол Грознага, партызаны бесперашкодна рухаюцца ў горад і зь яго".

Расейскія крыніцы падаюць наступную лічбу чачэнскіх байцоў у Грозным – 5 тысячаў чалавек. Associated Press канстатуе, што расейскае камандаваньне баіцца шырока выкарыстоўваць наземныя апэрацыі, бо гэта пацягне за сабой вялізарныя чалавечыя страты, што, у сваю чаргу, можа падараваць грамадзкую апінію, якая падтрымлівае вайну.

Як паведамляе СNN, Міністэрства абароны Расеі абвяргае інфармацыю радыёстанцыі "Свабода" аб тым, што ў сыботу расейскія салдаты ў масках растралялі 40 мірных жыхароў, якія стараліся пакінуць Грозны. Тыя ўцекачы, якія выжылі, пераконваюць, што абстрэл вялі людзі ў фэдэральнай форме. Адна з жанчынаў пад прозьвішчам Айдамірава, якая выжыла пад час абстрэлу, паведамліа, што салдаты спачатку абстралялі аўтакалёну з уцекачамі, а пасьля абшукалі машыны і пайшлі. Паводле словаў сьведкі, у нападнікаў былі нашыўкі АМОНу. Сама Айдамірава была параненая ў нагу, пазьней, гавораць заходнія карэспандэнты, у яе дасталі кулю ад аўтамата Калашнікава.

Агенцыі "Интерфакс" у Міністэрстве ўнутраных справаў Інгушэтыі паведамілі, што на посьце Адлер-17, разьмешчаныму ў раёне інгускага селішча Карабулук, за марадзёрства былі затрыманыя 4 вайскоўцы 58-й арміі Аб'яднанай групоўкі фэдэральных войскаў. "Интерфакс" сьцьвярджае, што гэта ўжо ня першая спроба рабаваньняў пакінутай маёмасьці салдатамі фэдэральных войскаў.

Міністар замежных справаў Ірану Камаль Харразі, старшыня групы зь некалькіх дыпляматаў арабскіх краінаў, якія зьбіраюцца наведаць Паўночны Каўказ, пад час сёньняшняга візыту ў Маскву паведаміў, што арганізацыя "Ісламская канфэрэнцыя" выступае за спыненьне баявых дзеяньняў у Чачні.

Сёньня расейцы пачалі распаўсюджваць улёткі ў Грозным, у якіх паведамляецца, што цывільнаму насельніцтву даецца час да сыботы пакінуць горад. Усе тыя, хто застануцца, будуць залічаныя да тэрарыстаў.

XS
SM
MD
LG