Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 4 сьнежня)
Летась Радыё Свабода распавядала пра Ўладзімера Плаксу, супрацоўніка кампаніі "Белаэранавігацыя", якому кіраўніцтва забараніла ўжываць на працы беларускую мову. Ад сваіх прынцыпаў Уладзімер не адступіў…

Уладзімер Плакса – электрамэханік перадавальнага радыёцэнтру кампаніі "Белаэранавігацыя", якая кіруе ўсім паветраным рухам над тэрыторыяй Беларусі. Летась на працы ён рабіў запісы ў зшытку тэхнічнае дакумэнтацыі па-беларуску. Кіраўніцтва зрабіла яму заўвагу й загадала не ўжываць беларускую мову. А калі ён па-беларуску напісаў заяву на атрыманьне матэрыяльнае дапамогі, то замест грошай на заяве зьявілася рэзалюцыя кіраўніка службы Мікалая Іванюшчанкі: "перапісаць па-расейску". У выніку Уладзімер Плакса вымушаны быў зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргаю на дзеяньні свайго кіраўніцтва.

Кіраўніцтва спаслалася на ІКАО – міжнародную арганізацыю цывільнай авіацыі, якая, як сьцьвярджалі ў "Белаэранавігацыі, у адпаведнасьці з Чыкагскай канвэнцыяй патрабуе выкарыстоўваць у паветранай прасторы толькі ангельскую, францускую, гішпанскую, расейскую і арабскую мовы.

На самрэч гэтая канвэнцыя рэгулюе толькі тэхнічныя аспэкты палётаў – да прыкладу, тое, якога колеру вагні павінны быць у самалётаў або на якіх частотах мусяць весьці перамовы пілоты з дыспэтчарамі. Але спадар Плакса не вядзе перамоваў з самалётамі, ён забясьпечвае наземную радыёсувязь.

Уладзімер Плакса зьвярнуўся із зыскам на кіраўніцтва кампаніі ў Кастрычніцкі суд, але судзьдзя адмовіўся задаволіць зыскавую заяву сп. Плаксы, спаслаўшыся на тое, што скончыўся тэрмін звароту ў суд.
Пасьля гэтага пачаўся перасьлед Уладзімера на працы.

Уладзімер Плакса так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:
(Плакса: ) "Па праўдзе, з самага пачатку дырэктар прадпрыемства вельмі проста сказаў гэтым службоўцам, якія парушылі закон, што яны парушылі закон і трэба адмяніць гэтае распараджэньне, то ніякага не было ні гвалту, ні судовых, ні пракурорскіх дасьледваньняў. Першы адказ зь Менскай транспартнай пракуратуры, куды я зьвярнуўся, прыйшоў, што маюць рацыю начальнікі. Потым адказ зь Беларускай транспартнай пракуратуры ізноў жа прыйшоў такі ж самы, што ў авіяцыі на чатырох гэтых мовах можна, а беларуская мова не для авіяцыі.
І, нарэшце, толькі пасьля звароту ў Гэнеральную пракуратуру тая ж транспартная пракуратура адказала, што спраўды парушаны Закон аб мовах, выкліканыя гэтыя службоўцы, спадар Іванюшчанка і спадар Кладаў, і яны папярэджаныя афіцыйна пра тое, што яны ў пэўных выпадках парушылі сваімі дзеяньнямі Закон аб мовах".
(Карсэпандэнт: ) "А якія наступствы пасьля гэтага? Ці прыцягнулі іх да адміністрацыйнай адказнасьці?"
(Плакса: ) "Гэта мне цяжка сказаць, але я так мяркую, што ўсё ж прэмію па выніках году яны атрымалі. У той жа час, я даведаўся ў лютым, што ў мяне ў кастрычніку зьнялі прэмію і ў сьнежні зьнялі прэмію. Адпаведна я падаў пазоў у суд. Пакуль што я гэты суд выйграў, але чакаю касацыі.
Цяпер мяне пачалі ўжо ўціскаць па іншых накірунках. У 1997 годзе я на ўласнае жаданьне перавёўся з пасады інжынера на пасаду тэхніка і абгрунтваў сваю заяву на перавод тым, што тэхнік мае больш вольнага часу. Цяпер уціск праявіўся ў тым, што мяне сталі пераводзіць са зьменннага рэжыму працы на штодзённы і тлумачаць гэта менавіта тым, што адміністрацыя мае на гэта права.
Згодны, яна мае права, але яна павінна патлумачыць прычыну адпаведна заканадаўства, абгрунтаваць прычыну пераводу. Пераводу, перамяшчэньня ці зьмены істотных умоваў працы.
Я ў чэрвені адмыслова напісаў запыт у адміністрацыю, што прашу ў сувязі з тым, што да нас паступае новае абсталяваньне, адбываюцца пэўныя зьмены і маіх ведаў можа быць недастаткова, прашу адправіць мяне ў бліжэйшыя часы, калі гэта будзе магчыма, на курсы падвышэнья кваліфікацыі. Адміністрацыя ізноў жа на мае запыты, чаму мяне не паслалі на гэтыя курсы па ангельскай мове, бо абсталяваньне будзе замежнае, адказвае, што адміністрацыя мае права. Яна мае права, я згоды. Я думаю, што падобных рычагоў уздзеяньня на чалавека ў адміністрацыі багата".

XS
SM
MD
LG