Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 4 сьнежня)
Устаноўчы сход новае рэспубліканскае грамадзкае арганізацыі "Рух за дэмакратычныя і свабодныя выбары" прайшоў у сыботу 4 сьнежня ў Менску.

Палямэнцкія выбары, пэрспэктыва якіх пакуль уяўляецца даволі цьмяна, ужо справакавалі зьяўленьне ў Беларусі новае структуры.

Калі прыйшло запрашэньне наведаць устаноўчы сход "Руху за дэмакратычныя і свабодныя выбары", шчыра кажучы, адчуў пэўны сумнеў. Адразу ўзгадалася пра тое, што йснуюць Усебеларускі клюб выбарцаў, Гэльсынскі камітэт, ды яшчэ шмат арганізацыяў, якія прэтэндуюць на статус назіральнікаў і кантралёраў за выбарамі. Адсюль і пытаньне: а ці патрэбная яшчэ адна структура, якая будзе працаваць у той жа выбарчай сфэры?

Неабходнасьць стварэньня новай арганізацыі нашаму радыё патлумачыў старшыня праграмнае камісіі аргкамітэту ў стварэньні новага руху Міхал Пліска:

(Пліска: ) "Шмат грамадзкіх арганізацыяў, якія ўзялі на сябе ў якасьці мэтаў назіраньне за працэсам выбараў, але яны адначасова займаюцца нейкімі іншымі пытаньнямі і для іх, гэта – не асноўная мэта. І таму, мы былі ўжо сьведкамі па ранейшых падзеях, якія адбываліся ў нас на Беларусі, што калі няма спэцыялізаванай нейкай арганізацыі, якая бярэцца за гэтую справу, дык яна ніколі не даводзіцца да лягічнага канца. І таму мы вырашылі, параіўшыся, дарэчы, з тымі арганізацыямі, якія раней займаліся гэтай справай, стварыць адмысловую арганізацыю, якая больш нічым не займаецца, акрамя як выкананьнем гэтай мэты.

Я думаю, што мы зможам зрабіць гэтую працу, калі нам ня будуць занадта перашкаджаць улады, калі хаця б дэмакратычныя інстытуты захаваюцца на сёньняшнім узроўні".

Лічыць Міхал Пліска.

Прадстаўнікі Менску, Дзятлава, Навалукомля, Астраўца, Барысава ды іншых рэгіёнаў аднадушна падтрымалі ідэю. Дарэчы на сход прыехалі прадстаўнікі 70-ці раёнаў.

Праўда, было выразна бачна: некаторыя ня вельмі вераць у магчымы посьпех новае справы. Адзін з дэлегатаў так і сказаў: думаю, да ганку выбарчае камісіі мы можа й дойдзем, а далей нас ня пусьцяць.

Але пасьля таго як іншыя дэлегаты на канкрэтных прыкладах з апошніх мяйсцовых выбараў давялі – нават у цяперашніх умовах можна пасьпяхова вымушаць улады хаця б з большага прытрымлівацца заканадаўства, настрой яўна зьмяніўся.

Дэлегаты прынялі адмысловы зварот да грамадзянаў Беларусі. У ім тлумачыцца, што новы рух ня мае мэты прыходу да ўлады, ня прэтэндуе на вядучыя ролі ў палітычным працэсе, не зьбіраецца падмяняць сабою палітычныя партыі ў іхнай барацьбе за ўладу, ня будзе падтрымліваць аніводнага з кандыдатаў на мейсцы ў парлямэнце ці на пасаду прэзыдэнта краіны. Мэта прынцыпова іншая, а менавіта – правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі без парушэньняў заканадаўства, такім чынам, каб іхныя вынікі былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Старшынём новага руху быў абраны Мечыслаў Грыб.

XS
SM
MD
LG