Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 4 сьнежня)
Справа экс-прэм'ера Міхала Чыгіра перададзеная з рэспубліканскай пракуратуры ў Менскі гарадзкі суд дзеля прызначэньня мейсца й даты судовага працэсу. Сам Чыгір рыхтуе чарговае хадайніцтва аб прыпыненьні справы з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Тым часам Васіль Старавойтаў чакае зь Міністэрства юстыцыі дакумэнт, які пацьвердзіць ягонае права езьдзіць куды заўгодна. Пошукі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў працягваюцца, але бяз бачных посьпехаў.

Экс-прэм'ер Беларусі Міхал Чыгір большую частку працоўнага дня правоздіць на вядомай многім кватэры на вуліцы Танкавай, дзе восем месяцаў таму разьмяшчаўся ягоны перадвыбарчы штаб.

Паводле Чыгіра, пакуль што ягоныя асноўныя клопаты зьвязаныя з маючым адбыцца судом. Справа Чыгіра ўжо перададзеная з пракуратуры Беларусі ў гарадзкі суд, але пакуль невядома, у якім дакладна раённым судзе яна апынецца й калі пачнецца разгляд. Міхал Мікалаевіч кажа, што не баіцца працэсу, але лічыць яго зь юрыдычнага пункту гледжаньня беспэрспэктыўным.

(Чыгір: ) "Увесь час займаемся мы так званай крымінальнай справай, бо рыхтуем хадайніцтва на адрас пракуратуры, атрымалі дадатковую інфармацыю і вельмі здзіўленыя тым, што тут адбываецца ў адносінах да мяне".

(Карэспандэнт: ) "А што адбываецца?"

(Чыгір: ) "Няма ніякай падставы перадаваць нешта для разгляду ў суд, таму што ніякай віны нармальныя спэцыялісты ня бачаць у гэтай справе. Выдаў я крэдыты, тэрміны іх пагашэньня наступілі пазьней. Усе крэдыты былі з-астрахаваныя".

З тых судовых працэсаў, якія ўжо ідуць, варта адзначыць суд над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым. Ён аднавіўся ў панядзелак і зноў пасьпеў прыцягнуць увагу прэсы.

На гэты раз, дзякуючы незвычайнасьці тых дакумэнтаў, якія пачалі агалошвацца судзьдзём Чартовічам, ды імкліваму тэмпу, зь якім гэта робіцца. За некалькі дзён судзьдзя ўжо пасьпеў зачытаць 28 з 36-ці тамоў дакумэнтаў.

Што за паперы агалошваюцца? Самыя розныя, у тым ліку справаздачы сьледчых пра тое, як яны рабілі ператрусы на кватэрах, дзе быццам бы жылі сваякі міністра, а потым высьветлілася, што гэтыя людзі аніякага дачыненьня да Лявонава ня маюць.

Зачытваліся таксама дакумэнты пра трох грамадзянаў Уласавых з Магілеву. Аказваецца, у дачкі Лявонава Сьвятланы цяпер прозьвішча мужа – Уласава, і гэта за аднафамільцамі яе мужа ўсур'ёз палявалі сьледчыя.

Сама Сьвятлана, якая на працэсе абараняе бацьку, лічыць, што сьледзтва займалася яўнай фальсыфікацыяй, і таму ў справе столькі непатрэбных папераў. Сьвятлана Ўласава ўжо рыхтуецца да свайго выступу ў судовых спрэчках. Вось што яна зьбіраецца адзначыць у першую чаргу…

(Уласава: ) "Асабліва хацела падкрэсьліць, што ўсё тое, што было на працэсе, гэта – хлусьня. Хлусьня, больш нічога. Усе сьведкі сьведчылі за бацьку. Людзі ўжо перасталі баяцца і заявілі, што ён адпавядае месцу міністра сельскай гаспадаркі. Скажу толькі тое, што за 2 гады кіраўніцтва гаспадаркай Лукашэнка ўсё заваліў…"

Цікавая навіна прыйшла зь вёскі Мышкавічы Кіраўскага раёну ад Васіля Старавойтава. Аказваецца, назіральнікі з АБСЭ зьвярнуліся ў Міністэрства юстыцыі з просьбаю патлумачыць, чаму Васіль Старавойтаў атрымаў разам з даведкаю аб вызваленьні прадпісаньне заставацца пад наглядам міліцыі.

Беларускія дзяржаўныя юрысты хутка з'арыентаваліся й даслалі адказ, які парадаваў і групу АБСЭ, і Васіля Старавойтава. Вось што ён паведаміў па тэлефоне…

(Старавойтаў: ) "Мне з АБСЭ паведамілі, што яны зьвярнуліся ў мінюст і на днях прывязуць дакумэнт, які паведаміць, што я свабодны ад усяго грамадзянін, і за мной не патрэбныя ніякія нагляды. А чаму так раней пастанавілі, гэта ўжо іншае пытаньне".

Між тым, гэтая папера зь Міністэрства юстыцыі да былога старшыні "Расьвету" пакуль не дайшла і ён дагэтуль лічыцца асобаю пад наглядам.

Што тычыцца зьніклых Тамары Віньнікавай, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага – суцяшальных зьвестак пра лёс гэтых людзей няма, як і ўвогуле аніякае новае інфармацыі.

Сьледчыя, якія вядуць іхныя справы, кажуць толькі, што пошукі працягваюцца. Абуральна, але ў Беларусі ўжо прызвычаіліся да становішча, калі бясьсьледна зьнікаюць славутыя людзі.

XS
SM
MD
LG