Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Улады лічаць, што матэрыяльныя страты ад урагану, які пранёсься па-над краінаю ў сыботу ўвечары, ня вельмі вялікія. Кіраўнікі ведамстваў, якія ліквідуюць наступствы шквальнага ветру, сьцьвярджаюць, што забесьпячэньне пацярпелых населеных пунктаў электраэнэргіяй амаль цалкам адноўленае. Калі ж будуць ліквідаваныя пашкоджаньні гаспадарчых і жылых аб'ектаў – ня ведае ніхто.

У нядзельным інтэрвію БТ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўлады гатовыя дапамагчы людзям, пацярпелым ад урагану, але выказаў сумнеў адносна таго, што такіх пацярпелых шмат.

Тым часам, паводле зьвестак Рэспубліканскага штабу грамадзянскай абароны й Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, ад шквальнага ветру, хуткасьць якога мейсцамі дасягала 30 мэтраў у сэкунду, пацярпелі 69 раёнаў краіны, пашкоджана 1788 населеных пунктаў, 322 жывёлагадоўчыя фэрмы й больш як 3 тысячы трансфарматарных падстанцыяў. У выніку стыхіі загінуў адзін чалавек, яшчэ двое зь пераломамі й сатрасеньнем мозгу шпіталізаваныя.

Як паведаміў нашаму радыё апэратыўны дзяжурны штабу грамадзянскай абароны, на сёньняшні дзень у Менскай вобласьці без электрычнасьці заставаліся 18 населеных пунктаў, па Магілёўскай – 13, у Гомельскай вобласьці – 48 вёсак і мястэчак. На многіх прыватных падворках з дамоў і гаспадарчых пабудоваў ветрам сарваныя шыфэрныя дахі, паламаныя дрэвы на прысядзібных дзялянках

Аднак міністар па надзвычайных сытуацыях Валеры Астапаў лічыць, што пашкоджаньні ня вельмі вялікія. Паводле ягоных падлікаў, матэрыяльныя страты не павінны пераўзыйсьці 150-200 мільярдаў рублёў.

Сп. Астапаў сьцьвярджае, што за суткі ягоныя падначаленыя аднавілі зьнесеныя ветрам лініі электраперадачаў у бальшыні раёнаў краіны. У тых жа мейсцах, дзе пашкоджаньні былі больш значнымі (сарваныя дахі, разбураная ваданапорная вежа ў Вілейскім раёне) групы міністэрства працуюць і цяпер.

Стыхійныя навалы, падобныя суботняму ўрагану, здараюцца ў Беларусі ўжо трэці год запар. Праўда, сёлетні шквал у сваіх маштабах і наступствах непараўнальны з ураганам 1997 году. Ды й летась моцны вецер нарабіў значна больш шкоды, чым цяпер.

Але відавочным зьяўляецца тое, што ўлады фактычна не зрабілі аніякіх высноваў і не навучыліся належным чынам рыхтавацца да падобных бядотаў. Слупы лініяў электраперадачаў валяцца ад ветру таму, што ў многіх раёнах яны ўжо спарахнелі ад старасьці. А дамы, асабліва ў правінцыі, узводзяцца паводле старых тэхналёгіяў, якія ня ўлічваюць магчымасьці такіх стыхійных навалаў.

Гэты факт мне падцьвердзілі і ў штабе грамадзянскай абароны, і міністар па надзвычайных сытуацыях. На думку Валерыя Астапава, камісыя па надзвычайных сытуацыях пры Саўміне, якая цяпер ацэньвае матэрыяльныя страты, павінна зрабіць адпаведныя высновы й перагледзець гэтыя будаўнічыя нарматывы.

Яшчэ адная праблема – матэрыяльная кампэнсацыя людзям, што пацярпелі ад стыхіі. Пасьля мінулагодніх ураганаў многія сяляне доўгі час не маглі атрымаць ад дзяржавы грашовую кампэнсацыю за панесеныя страты. Некаторыя атрымалі сродкі толькі праз год, і з-за высокай інфляцыі не маглі купіць на іх нават аднае балоны шыфэра. Ёсьць і тыя, хто ня ўбачыў тых грошай і да сёньняшняга дню. Вось што думае на гэты конт міністар па надзвычайных сытуацыях Валеры Астапаў:

(Астапаў: ) "Будуць прымаць рашэньне вабласны выканаўчы камітэт, раённы выканаўчы камітэт, а ў іх ёсьць адмысловыя фонды на пакрыцьцё выдаткаў. Гэта адпрацаваная мэтодыка. Пытаньне ў тым, каб зрабіць гэта хутка, каб людзі не чакалі тых грошай месяцамі й гадамі, калі рубель ператворыцца ў капейку. Цяпер гэтага ня будзе, таму што ўжо зробленыя высновы з тых непаразуменьняў, якія былі ў мінулым годзе, калі даўгі час улады не маглі разьлічацца зь людзьмі, а дзе-нідзе грошы навогул не дайшлі да пацярпелых", – паведаміў нашаму радыё сп. Астапаў.

XS
SM
MD
LG