Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Лагойск – Менск

Сёньня ў сябра БНФ, селяніна зь вёскі Выгар Лагойскага раёну 50-гадовага Лявона Валуя – радасная падзея. Пасьля больш чым сямі гадоў змаганьня за права стацца фэрмэрам ён, нарэшце, атрымаў у інстытуце "Белдзіпразем" дзяржаўны акт на валоданьне 10,5 гэктарамі зямлі.

Нашым слухачам спадар Валуй вядомы як чалавек, што раней праз суд адстаяў яшчэ адное права – штодня ўздымаць на адмысловай машце па-над уласнай сялібаю бел-чырвона-белы сьцяг.

Апошняя перамога Лявона Валуя, праўда, не зусім поўная: ён прасіў улады нарэзаць да сваёй сядзібы 12 гэктараў зямлі, атрымаў жа 10,5. Тым ня менш, і атрыманаму вельмі рады, бо цягам доўгіх гадоў барацьбы зь мяйсцовымі чыноўнікамі за свае палітычныя і эканамічныя правы ён, як патлумачыў мне, проста засумаваў па сур'ёзнай сялянскай справе.

Нагадаю нашым слухачам: пачынаючы зь сёлетняга лета, спадар Валуй у каторы раз распачаў настойлівае хаджэньне па лагойскіх ды менскіх вабласных інстанцыях, патрабуючы тое, што яму належыць паводле закону ды не супярэчыць здароваму сэнсу.

Бо калгасная зямля, якая належала гаспадарцы "Перамога" і якая мяжавала зь сялібаю сям'і Валуёў, апошнія гады навогул не апрацоўвалася – у "Перамогі " не ставала на гэта ані тэхнікі, ані рабочых рук, ані пасяўнога матэрыялу.

Небясьпека магчымага ператварэньня гэтай дзялянкі ў запушчаную цаліну змусіла, нарэшце, новага кіраўніка Лагойскага раённага выканаўчага камітэту спадара Гіля даць дазвол Лявону Валую на валоданьне згаданым кавалкам зямлі з правам перадачы яго ў спадчыннае карыстаньне. Не пярэчылі гэтаму й шмат якія чыноўнікі Менскага вабласнога выканаўчага камітэту.

Адзіны, хто не пагадзіўся з рашэньнем мяйсцовага воргану ўлады – старшыня Ізьбішчанскага сельскага выканаўчага камітэту таварыш Слуцкі (камуніст паводле перакананьняў і заўзяты барацьбіт зь бел-чырвона-белым сьцягам Лявона Валуя). Таму вабласны аддзел землякарыстаньня ў жніўні адмовіў заяўніку: маўляў, спачатку разьбярыся з пазыцыяй свайго выканкаму, атрымай станоўчую рэзалюцыю Слуцкага.

Лявон Валуй ведаў, што за такую рэзалюцыю трэба будзе расплочвацца бел-чырвона-белым сьцягам, і скіраваўся ў самую апошнюю інстанцыю.

Гаворыць Лявон Валуй: "Апошняе слова ў гэтай эпапеі змаганьня за зямлю мусіў быў паставіць "Белдзіпразем" — інстытут, у кампэтэнцыю якога ўваходзіць вылучэньне такіх дзялянак…".

(Карэспандэнт: ) "Ён ужо вам адмераў гэтую зямлю?"

(Валуй: ) "Ну так, пастаўлены слупкі па межах, па пэрыметру гэтай дзялянкі. (…) "Белдзіпразем" даў дзяржаўны акт на спадчыннае валоданьне гэтай зямлёю".

Як зазначыў Лявон Валуй, менавіта ў згаданым інстытуце ён сустрэў чыноўнікаў, якія без цяганіны, як і належыць тое рабіць, выканалі Закон.

Я павіншаваў спадара Валуя з набыцьцём пажыцьцёвае ўласнасьці, а разам са мною яго віншавала сям'я Жолудзяў з Лагойску, якая супольна зь Лявонам будзе апрацоўваць новую зямлю.

XS
SM
MD
LG