Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У адміністрацыі Лукашэнкі падрыхтаванае распараджэньне аб канфіскацыі маёмасьці былой старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Тамары Віньнікавай. Пра гэта паведаміла крыніца ва ўладных структурах, якая пажадала застацца неназванай.

Крыніца ва ўладных структурах, якая бачыла распараджэньне аб канфіскацыі маёмасьці Тамары Віннікавай, сьцьвярджае, што ў дакумэнце йдзе гаворка пра кватэру Віньнікавай на вуліцы Адзінцова ў Менску й пра некалькі валютных рахункаў у беларускіх камэрцыйных банках, грошы зь якіх дзяржава таксама мае намер забраць сабе. Усяго, паводле інфарматара, пад канфіскацыю падпадае прыкладна 200 тысячаў даляраў ЗША.

У якасьці юрыдычнае базы для гэтага распараджэньня выкарыстаны дэкрэт № 40 – "Аб некаторых захадах у кампэнсацыі стратаў, якія нанесеныя дзяржаве". Гэты дэкрэт, як вядома, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам напрыканцы лістападу.

Паводле крыніцы, у той жа час, – гэта апошнія дні восені – выдадзенае і распараджэньне аб канфіскацыі маёмасьці былое галоўнае банкіркі. Аднак, ці азначае гэта, што такое распраджэньне ўжо дзейнічае?

Я паспрабаваў знайсьці адказ на гэтае пытаньне ў афіцыйных крыніцах. У адміністрацыі Лукашэнкі адмовіліся размаўляць на тэму якога б ні было дакумэнта, які ня быў зьмешчаны ў дзяржаўным друку.

Прэсавы сакратар Лукашэнкі Дзьмітры Жук таксама адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю, адказаўшы, што яму пра гэта нічога невядома і ён нават ня ведае, хто ў адміністрацыі адказны за такога кшталту дакумэнты.

Ён таксама параіў зьвярнуцца ў ворганы, якія расьледуюць справу Тамары Віньнікавай. Аднак прозьвішча сьледчага, які сёньня займаецца гэтай справаю, у рэспубліканкай пракуратуры мне не назвалі. "Калі будзе неабходнасьць, мы самі паведамім, што трэба", – сказаў прэсавы сакратар пракуратуры рэспублікі Аляксей Таранаў. Адносна распараджэньня пра маёмасьць Віньнікавай Таранаў заявіў, што яму пра такі дакумэнт анічога невядома.

А вось адвакат Віньнікавай Гары Паганяйла ня выключыў, што такі дакумэнт, сапраўды, можа зьявіцца. Праўда, ягоную юрыдычную сутнасьць адвакат назваў нулявой. "Паводле дакумэнтаў, якія падпісала Тамара Віньнікава напачатку вясны гэтага году, я зьяўляюся яе даверанай асобаю і маю права праз суд адстойваць яе інтарэсы, у тым ліку й што тычыцца маёмасьці. Віна маёй падабароннай у судзе не была даказаная, таму ніхто ня мае права абвяшчаць яе злачынцам і на гэтай ці якой іншай падставе канфіскоўваць маёмасьць. Калі такія рашэньні будуць, я як адвакат буду змагацца за іх адмену", – папярэдзіў Гары Паганяйла.

Нагадаю, што 40-ы дэкрэт, які адкрыў шлях да пазасудовай канфіскацыі маёмасьці, на практыцы ў нас пакуль не выкарыстоўваўся. Калі лёс маёмасьці Тамары Віньнікавай, сапраўды, будзе вырашаны такім чынам – канфіскацыяй без суду – гэта будзе азначаць, што ў Беларусі створаны прэцэдэнт, небясьпечны ня толькі для беларускага, але й для міжнароднага бізнэсу.

Вось як, у прыватнасьці, пракамэнтаваў зьяўленьне 40-га дэкрэта былы прэм'ер Міхал Чыгір: "Абсалютна зразумела, што, прачытаўшы гэты дакумэнт, аніводзін нармальны заходні бізнэсмэн ня прыйдзе сюды працаваць, не захоча мець справы з гэтай краінаю". Былы прэм'ер лічыць гэты дэкрэт цалкам незаконным і гэтак жа ставіцца да ўсіх захадаў, што могуць быць прынятыя на падставе дэкрэту. У тым ліку й адносна маёмасьці Тамары Віньнікавай.

Дарэчы, Міхал Чыгір заявіў нашаму радыё, што да яго таксама дайшлі зьвесткі пра падрыхтоўку канфіскацыі маёмасьці Віньнікавай і асабіста ён праўдзівасьць гэтых зьвестак не выключае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG