Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Увечары 6 сьнежьня агенцыя "Interfax" паведаміла аб адстаўцы памочніка Аляксандра Лукашэнкі Міхала Сазонава.

Сёньня ўвесь вечар я спрабаваў даведацца, наколькі адпавядае рэчаіснасьці паведамленьне "Interfax".

Сакратарка Сазонава магла толькі паведаміць – у панядзелак з самае раніцы ейны шэф патэлефаніў і сказаў, што сёньня яго на працы ня будзе ўвесь дзень. Рэфэрэнт Сазонава Алена Шніткова паўтарыла яе словы.

Яна дадала, што ў адміністрацыі ўвогуле ходзяць чуткі аб адстаўцы, але без непасрэднай размовы з шэфам яна ня можа ўпэўнена іх падцьвердзіць або адвергнуць.

Паводле яшчэ аднае крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта, заява Сазонава аб адстаўцы Лукашэнкам падпісаная, але самаго ўказу яшчэ няма, паколькі напрыканцы працоўнага дню было яшчэ невядома, зь якой фармўлёўкаю яго вызваляць – або паводле ўласнага жаданьня, або з-за стану здароўя.

Акрамя таго, паводле гэтага чалавека, на стале ў Лукашэнкі ляжаць заявы аб звальненьні паводле ўласнага жаданьня памочніка Лукашэнкі Каралёва, які займаецца пратаколам і міжнароднымі справамі, старшыні Дзяржтэлерадыё Кісяля і ўсіх намесьнікаў Ціцянкова.

Што тычыцца сп. Сазонава, дык варта нагадаць – ягоная палітычная кар'ера пачалася на пачатку 1994 году, калі ён працаваў у апараце Міністэрства нутраных справаў – Сазонаў перадаваў матэрыялы для антыкарупцыйнае камісіі на чале з Лукашэнкам, а потым і кандыдату ў прэзыдэнты Лукашэнку.

Сазонаў, калі ягонае кіраўніцтва даведалася пра шчыльныя кантакты свайго падначаленага, быў звольнены са службы. Ён пачаў працаваць у перадвыбарным штабе Лукашэнкі, і пасьля перамогі на выбарах быў прызначаны першым намесьнікам Сініцына – тагачаснага кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Пасьля трох гадоў працы Сазонаў моцна захварэў, яму зрабілі складаную апэрацыю ў Нямеччыне. На працу ён вярнуўся толькі 23 сьнежня 1998 году ў якасьці памочніка Лукашэнкі.

Яму адразу акрэсьлілі канкрэтную дзялянку працы – падрыхтоўка беларуска-расейскае дамовы аб стварэньні агульнай дзяржавы. Сазонава прызначылі намесьнікам кіраўніка рабочае групы ад Беларусі.

Менавіта ён вёў усю чарнавую работу ў гэтым пытаньні. Ён быў упэўнены, што робіць важную і неабходную справу й пад час спрэчак, якія паўставалі ў перапынках пасяджэньняў экспэртаў у мас-мэдыя заўжды спрабаваў даказаць, што беларуска-расейская дамова адпавядае ўсім эўрапейскім стандартам. Ужо пасьля вяртаньня са Стамбульскага саміту Сазонаў езьдзіў у Маскву дзеля вырашэньня апошніх пытаньняў аб дамове.

Чарговы этап у кар'еры Сазонава пачаўся ўвосені, калі Лукашэнка прызначыў яго кіраўніком групы экспэртаў ад урадавага боку на перамовах з апазыцыяй.

Як іхны непасрэдны ўдзельнік, магу зазначыць, што Сазонаў разумеў неабходнасьць хоць мінімальнага, але ўсё ж допуску апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Ягоны подпіс быў пастаўлены пад пратаколам пагадненьня, якога дасягнулі бакі. Але Лукашэнка, верагодна, палічыў, што ягоны памочнік пайшоў на празьмерныя саступкі апазыцыі.

Сазонаў фактычна вымушаны быў дэзавуяваць пратакол. І зрабіў гэта не з ўласнага жаданьня.

Беларуская тэлевізія, падкантрольныя газэты пачалі шалёны наступ на пратакол экспэртаў у СМІ. Было бачна, што Сазонаў не чакаў такога павароту падзеяў.

Апошні раз, а гэта было 30 лістапада, ён паведаміў кіраўніку групы АБСЭ ў Менску спадару Віку, што без атрыманьня інструкцыяў ад Лукашэнкі працягваць кансультацыі няма сэнсу. Пасьля пайшлі чуткі пра ягоную адстаўку…

XS
SM
MD
LG