Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

4 сьнежня завяршаецца саміт Усясьветнай Гандлёвай Арганізацыі. Учорашнія вулічныя сцэны ў Сыэтле – крыкі дэманстрантаў і рабаваньні, нацыянальная гвардыя – выглядалі як вяртаньне ў шасьцідзесятыя. Тое, што пратэст быў ня супраць вайны, але супраць мірнай канфэрэнцыі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, робіць падзею яшчэ больш сюрэалістычнай, – заўважае газэта "New York Times". Узьніклыя беспарадкі павінны стаць папярэджаньнем для абодвух бакоў – і для ініцыятараў зьмены сыстэмы міжнароднага гандлю, і для тых, хто стараецца сілай не дапусьціць рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Нагадаю, што больш як 450 чалавек былі арыштаваныя ў Сыэтле пасьля шматлікіх сутычак з паліцыяй. Дэманстранты пратэставалі супраць прынцыпау "свабоднага гандлю" – "гандлю бяз мытнага збору", што плянавалася зацьвердзіць 3-га сьнежня на саміце Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Таксама ўдзельнікі дэманстравалі незадаволенасьць работай Усясьветнай гандлёвай арганізацыі ў прыватнасьці. Супраць дэманстрантаў паліцыя ўжыла сьлезацечны газ, а ўлады Сыэтла пайшлі на беспрэцэдэнтныя захады: мэр Пол Шэл абвесьціў незаконнымі ў межах гораду куплянньне, продаж і наяўнасьць адгазьнікаў. Паліцыя атрымала загад арыштоўваць кожнага, хто бяз важкай прычыны апынецца ў забароненай зоне, у якую ўваходзяць некалькі кварталаў, што атачаюць будынак саміта Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Санкцыі актуальныя да 4-га сьнежня – дня завяршэньня саміту.
Жорсткасьць мэтадаў пратэсту і яго падаўленьне адцягнулі ўвагу ад асноўнага патрабаваньня дэманстрантаў – рэфармаваць Усясьветную гандлёвую арганізацыю, мэтады яе працы, а таксама каштоўнасьці, – піша газэта "New York Times", – і працягвае: "Усясьветная Гандлёвая Арганізацыя надта ізаляваная, яна замала зьвярнула ўвагу на правы працоўных і навакольнае асяродзьдзе. Непразрыстыя мэханізмы дзейнасьці арганізацыі разбураюць давер грамадзкасьці. Магчыма пагадзіцца зь ініцыятывай свабоднага гандлю, аднак варта падтрымаць і прэзыдэнта Клінтана ў тым, што пратэст заслугоўвае разуменьня" – канстатуе аглядальнік газэты "New York Times".

Усясьветная Гандлёвая Арганізацыя можа даць дазвол на санкцыі супраць краінаў, якія ўводзяць несправядлівыя тарыфы. Арганізацыя можа выкарыстаць іншыя дыскрымінацыйныя меры. Але мэтады, якімі санкцыі рэалізоўваліся цягам пяці гадоў, сфармавалі апінію пра існаваньне вызначальнай палітычнай купкі – міністраў фінансаў ці вялікіх карпарацыяў. Калі адна краіна аспрэчвае гандлёвую практыку іншай краіны, сытуацыя вырашаецца трыма гандлёвымі экспэртамі, чые дэбаты схаваныя ад грамадзкасьці. Што да выкарыстаньня рабочай сілы, дэманстранты выступаюць за тое, каб Усясьветная гандлёвая арганізацыя дазваляла санкцыі супраць краінаў-удзельніц, якія выкарыстоўваюць працу дзяцей ці аплочваюць працу неадпаведна. Краіны, якія разьвіваюцца, наадварот расцэньваюць такія санкцыі як пратэкцыянізм.

"Wall Street Journal" у зьвязку з тэмай заўважае, што тут ёсьць некалькі іранічных момантаў, не апошні зь якіх – той факт, што свабодны гандаль дазваляе спажыўцам усяго сьвету мець большы выбар тавараў. Той, хто насамрэч цікавіцца "правамі спажыўца" можа быць зацятым прыхільнікам свабоднага гандлю. Але большая іронія ў тым, што свабодны гандаль стварае працоўныя месцы ў разьвітых краінах і тых, якія разьвіваюцца, свабодны гандаль дае магчымасьць эканомікам разьвівацца хутчэй, і вынік ягоны ў тым, што ўмовы працы і стан навакольнага асяродзьдзя – паляпшаюцца.

XS
SM
MD
LG