Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Эканамічны агляд тыдню прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Зь Міністэрства сацыяльнай абароны на мінулым тыдні паступалі паведамленьні, разьлічаныя на суцяшэньне пэнсіянэраў ва ўмовах інфляцыі. На пачатку тыдню зьявілася інфармацыя, што зь першага сьнежня пэнсіі ўзрастуць у сярэднім на 15%.

Але радасьці ў старых людзей гэта ня выклікала. Па вядомай прычыне: інфляцыя ў кастрычніку перавысіла 14%, ды ў лістападзе цэны ўзьняліся. Так што ў сьнежні ў рэальным значэньні адбудзецца ня рост пэнсіяў, а зьніжэньне.

Асабліва ў вялікай страце пэнсіянэры, якіх у Міністэрстве сацыяльнай абароны называюць "мінімальшчыкамі". Іхныя пэнсіі павялічацца меней як на 10%. І атрымае кожны зь іх у сьнежні меней як 5 мільёнаў рублёў. Як пражыць на гэты мізэр – 7 даляраў на месяц?

Пра ўзровень падвышэньня сьведчыць і памер сярэдняй пэнсіі ў сьнежні – меней чым 13 мільёнаў рублёў.

Пэнсіі на працягу году падвышаліся ці не штомесяц (толькі ў пазачарговым парадку – 6 разоў). Але гэтае падвышэньне нават не даганяла інфляцыю.

Два апошнія ўрадавыя паведамленьні тычацца пэнсіяў у 2000 годзе. Міністар сацыяльнай абароны Вольга Даргель малюе ружовую карціну: у намінальным значэньні пэнсіі ў будучым годзе падвысяцца ў 2,4 разы. Сярэдняя пэнсія дасягне 19 тысячаў дэнамінаваных рублёў.

Але гэтая лічба сьведчыць не пра маючы адбыцца рост дабрабыту пэнсіянэраў, а толькі пра плянуемы рост цэнаў.

Як пра вялікі дабрадзейны акт Вольга Даргель паведамляе пра тое, што ў новым годзе "планка" пераразьліку пэнсіяў будзе зьніжаная з 15% да 10%. Гэта значыць, калі сярэднія заробкі падвышаюцца на 14%, то, паводле дзейнага парадку, пэнсіі не пераразьлічваюцца, гэта значыць – не падвышаюцца.

Сёньня сярэднія пэнсіі не дасягаюць і 40% ад сярэдняга заробку. 80% пэнсіянэраў атрымліваюць пэнсіі меншыя, чым мінімальны пражыткавы бюджэт. А гэта каля 2 мільёнаў чалавек.

Ну, а цяпер пэнсіі будуць пераразьлічваць, калі заробак за папярэдні месяц падвысіцца на 10%. Але адставаньне росту сярэдняй пэнсіі ўсё роўна плянуецца.

Намер зьнізіць "планку" пераразьліку добры. Але гэты прынцып будзе ўведзены толькі тады, калі А.Лукашэнка падпіша адпаведны закон. Зрабіць гэта Лукашэнка не сьпяшаецца. Ці не з тае прычыны, што фонд сацыяльнага забесьпячэньня сёньня ў вялікім дэфіцыту. Суб'екты не ад добрага жыцьця запазычыліся ў гэты фонд 5 трыльёнаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG