Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

У прыхільнікаў умацаваньня пазыцыяў беларускай мовы зьявілася яшчэ адно юрыдычнае падмацаваньне. У Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях унесены новы пункт – 172/2. Паводле яго, тыя, хто перашкаджае карыстаньню нацыянальнай мовай, могуць быць пакараныя штрафам. Проста грамадзяне – ад дзьвюх да пяці мінімальных зарплатаў, службовыя асобы – ад пяці да дзесяці.

Як на практыцы карыстацца гэтым палажэньнем расказвае кіраўнік справамі Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны Сяргей Кручкоў.

(Кручкоў: ) "Падрыхтоўка і прыняцьцё гэтага дакумэнта доўжыцца ўжо не адзін год. На сёньняшні момант ідзе шмат скаргаў, што зьневажаецца беларуская мова. А мы абараняем беларускую мову і ведаем пра парушэньні, зьвязаныя зь беларускай мовай.

У сувязі з гэтым мы ўвесь час працавалі, у нас ёсьць перапіска з Канстытуцыйным судом, які адказваў, што дакумэнт на разглядзе, хутка будуць унесеныя дапаўненьні ў Кодэкс".

(Карэспандэнт: ) "І вось гэтыя дапаўненьні ўнесеныя. Скажыце калі ласка, на практыцы, што гэта азначае для нашых грамадзянаў, носьбітаў і карыстальнікаў, тых, хто хоча, каб нашая мова была ва ўсіх сфэрах жыцьця?"

(Кручкоў: ) "Калі будзем дзейнічаць паводле закона, шмат людзей проста змогуць знайсьці сапраўдную прававую абарону. Бо тое, што робіцца ў даведачных службах, нават тут у нас, у Менску, калі звоніш і просіш нейкі тэлефон па-беларуску, пачынаюць крыўдзіцца і патрабуюць размаўляць на "нармальнам языке".

Гэта той дакумэнт, які можа людзям, што займаюць службовую пасаду і абавязаныя на запыты па-беларуску адказваць па-беларуску ці з павагай ставіцца да нашай мовы, дапамагчы гэта рабіць. А тых, хто жывучы ў краіне, дзе 70 адсоткаў – беларусы, проста цярпець ня можа нашую мову, – іх проста паставіць на месца. Я думаю, гэта паспрыяе таму, што такія пачнуць баяцца ўголас выказваць свае думкі".

(Карэспандэнт: ) "Цяпер скажыце калі ласка, вось грамадзяні сутыкнуўся зь непавагай да ягонай мовы, з абразай або адмовай у карыстаньні гэтай мовай, скажам, ня хочуць навучаць дзіця па-беларуску ці адмовілі ў напісаньні дакумэнтаў па-беларуску, як на практыцы, што рабіць, куды зьвяртацца для таго, каб скарыстаўшы гэты закон, абараніць свае правы?"

(Кручкоў: ) "Вось на сёньняшні момант мы правялі добрую падрыхтоўчую працу. Зараз у сядзібе ТБМ працуе прававая камісія Менскай гарадзкой рады, і калі ёсьць нейкія парушэньні ў Менску, альбо і па Беларусі зь цягам часу яны возьмуцца кантраляваць, але што датычыцца Менску, можна прыйсьці да нас, на Румянцава 13, і скласьці скаргу, і прававая камісія будзе ўжо рабіць захады, каб абараніць чалавека, і каб закон працаваў.

Мала таго. Тое, што датычыцца навучаньня дзяцей па-беларуску, у нас ёсьць Бацькоўскі камітэт. Я думаю, што ён будзе працаваць вельмі актыўна. Ён зьбіраецца ў нас у сядзібе ТБМ два разы на месяц, другі і чацьверты чацьвер месяца, ён таксама будзе займацца абаронай права нашых дзяцей вучыцца па-беларуску".

(Карэспандэнт: ) "Гэта калі дзейнічаць праз ТБМ. А калі чалавек хоча самастойна ісьці па інстанцыях дзеля абароны сваіх правоў. З чаго пачынаць?"

(Кручкоў: ) "Ёсьць юрыдычная працэдура, паводле якой чалавек павінен дзейнічаць. Калі чалавека абразілі, абразілі беларускую мову, трэба ўзяць сьведкаў, хто пры гэтым прысутнічаў; калі гэта адбываецца ў выпадку зь юрыдычнай службай – дык яны заўсёды называюць свой нумар, кажуць які апэратар вас абслугоўвае, дык трэба запісаць гэты нумар, каб потым падаць скаргу. Чалавек павінен заўсёды зьвярнуцца да суседніх людзей, якія чулі абразу мове, і проста запамінаць тыя дробныя рэчы, якія могуць дапамагчы пасьля ў справе".

XS
SM
MD
LG