Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў чарговую нараду ў праблемах эканамічнага разьвіцьця Беларусі на наступны год. Абмяркоўваліся тры дакумэнты – бюджэт, прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, а таксама грашова-крэдытная палітыка. Лукашэнка, як звычайна, паставіў ураду сваю клясычную задачу – палепшыць эканамічнае становішча й пры гэтым анічога не мяняць.

Нарады ў Лукашэнкі, пад час якіх разглядаліся эканамічныя дакумэнты, на працягу некалькіх апошніх месяцаў праводзіліся вельмі часта. Сёлета стала відавочна, што эканоміка знаходзіцца ў надзвычай цяжкім стане, і ад гэтага церпяць простыя грамадзяне.

Кіраўніцтва краіны ўсьведамляе, што гэта непазьбежна адаб'ецца на ягонай папулярнасьці напярэдадні выбараў. Таму апошнім часам у адміністрацыі Лукашэнкі распрацоўваюцца самыя разнастайныя эканамічныя тэорыі. Да гэтай дзейнасьці нават быў далучаны кіраўнік праўнага дэпартамэнту адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі. Аднак ва ўрадзе, здаецца, ягоная творчасьць падтрымкі не знайшла.

Сёньня можна ўпэўнена казаць пра тое, што кіраўніцтва краіны разгубленае і ня можа дакладна выбраць шлях разьвіцьця на наступны год. Вядома, што першапачаткова праект бюджэту-2000 быў вельмі жорсткі. У прыватнасьці, плянавалася йстотна скараціць выдаткі на сацыяльную сфэру, паменшыць ільготнае крэдытаваньне сельскае гаспадаркі й будаўніцтва. Сёлета выдаткі на гэтыя мэты значна падштурхнулі інфляцыю.

Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур падкрэсьліў, што крэдытная эмісія сёлета была значна большай, чым было заплянавана, і склала больш за 80 трыльёнаў рублеў. Адно гэта дало інфляцыю на ўзроўні 10 адсоткаў у месяц.

Аднак Аляксандар Лукашэнка, як і раней, ня хоча адмаўляцца ад гэтак званае "сацыяльна арыентаванай" эканомікі. Сёньня на нарадзе ён заявіў, што ніколі не пагодзіцца скарачаць жыльлёвае будаўніцтва й прыпыняць крэдытаваньне сельскае гаспадаркі.

Відавочна, што гэтыя сфэры ў цяперашніх умовах ня могуць ня толькі разьвівацца, але й нават існаваць без падтрымкі. Таму можна прагназаваць, што дзяржава па-ранейшаму будзе фінансаваць іх, нават калі гэта ня будзе прадугледжана бюджэтам. У той жа час Лукашэнка патрабаваў, каб у наступным годзе ўрад перамог інфляцыю. Якім чынам гэта можа адбыцца, калі эканамічная палітыка застаецца нязьменнай – незразумела.

XS
SM
MD
LG