Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Галоўная мэта, якую ставяць перад Беларусьсю мiжнародныя арганiзацыі – правядзеньне ў 2000 годзе свабодных i дэмакратычных выбараў у парлямэнт. На словах з гэтым пагаджаюцца ўсе: i афiцыйная ўлада, i апазыцыя. Цяпер кожная зь iх паасобку рыхтуе свой уласны варыянт выбарчага закону. Цi магчыма нейкiм чынам спалучыць гэтыя заканапраекты?

У Вярхоўны Савет Беларусi 13-га склiканьня паступаюць прапановы й заўвагi да праекту закону аб выбарах. Упершыню гэты дакумэнт, якi падрыхтаваў аўтарскi калектыў на чале зь Мечаславам Грыбам, быў прадстаўлены на сэсii Вярхоўнага Савета ўлетку.

У ім прадугледжана, што выбары будуць праводзiцца паводле зьмешанае сыстэмы: адная палова дэпутатаў выбiраецца паводле мажарытарнай сыстэмы ў аднамандатных акругах, другая – паводле партыйных сьпiсаў. Пры гэтым парлямэнт – аднапалатны, і ўвойдуць у яго 260 дэпутатаў.

Аўтарскi калектыў лiчыць, што выбары ў парлямэнт трэба праводзiць кожныя чатыры гады, а выбары прэзыдэнта – раз у пяць гадоў. Тым самым захаваецца пераемнасьць улады й не паўстане сытуацыя безуладзьдзя.

Паступіла шмат прапановаў адносна ўдасканаленьня закону. Алена Скрыган, напрыклад, лiчыць, што на цяперашнiм этапе абраньне паловы парлямэнцкага корпусу паводле партыйных сьпiсаў заўчаснае. Магчыма, партыям патрэбна аддаць пакуль толькi чацьвертую, або трэцюю частку мейсцаў. Валеры Шчукiн лiчыць, што правам вылучацца кандыдатам у дэпутаты павiнныя карыстацца й зьняволеныя…

Так званая Палата прадстаўнiкоў мае свой варыянт выбарчага закону, якi 17 лiстапада нават ужо прыняты ў першым чытаньнi. Розьнiца памiж двума законапраектамi iстотная. "Палатнiкi", напрыклад, выступаюць за дзьвюхпалатны парлямэнт, за выбары па аднамандатных акругах, без партыйных сьпiсаў.

У iхны заканапраект уключаны шэраг нормаў раней прынятага Закону аб мяйсцовых выбарах, якi выклiкаў крытыку з боку дэмакратычных арганiзацыяў. Напрыклад, захаванае абмежаваньне на вылучэньне кандыдатаў для асобаў, якія маюць адмiнiстрацыйнае спагнаньне, накладзенае ў судовым парадку. Па-ранейшаму захоўваецца 50% яўка выбарцаў у другiм туры. Акрамя таго, з суб'ектаў, якія валодаюць правам вылучэньня кандыдатаў, выключаныя грамадзкiя арганiзацыi.

Нягледзячы на такiя значныя адрозьненьнi, у кансультатыўна-назiральнай групе АБСЭ ў Менску лiчаць: паразуменьне памiж Вярхоўным Саветам i "Палатаю прадстаўнiкоў" знайсьцi можна. Распрацоўваецца й мэханiзм супольнае працы.

Найбольш рэальным выглядае такi варыянт: Вярхоўны Савет i "Палата прадстаўнiкоў" утвараюць пагадняльную камiсiю, якая рыхтуе агульны заканапраект. А затым ён будзе прыняты паасобку на сэсiях Вярхоўнага Савету й Палаты.

Наколькi ўсё гэта рэальна? З аднаго боку, малаверагодна, што беларускiя ўлады пагодзяцца на такiя падыходы. З другога, пасьля вяртаньня са стамбульскага самiту кiраўнiк групы АБСЭ ў Менску сп. Вiк адназначна заяўляе: калi ўлады распрацуюць новы закон бяз удзелу апазыцыi, выбары паводле такога закону ня будуць лiчыцца анi свабоднымi, анi дэмакратычнымi. Да таго ж у менскай групе АБСЭ лiчаць, што пасярэднiкамi пры стварэньнi новага закону могуць выступiць экспэрты ў галiне выбарчага праву з шэрагу мiжнародных арганiзацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG