Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Адказу на пытаньне, калі будзе падпісаная беларуска-расейская хаўрусная дамова, дагэтуль няма.

Адтэрміноўка падпісаньня дамовы, якую афіцыйныя прадстаўнікі тлумачылі хваробаю Ельцына, спарадзіла розныя вэрсіі і тлумачэньні. Выказваліся меркаваньні, што хвароба кіраўніка Расеі мае дыпляматычны характар, што Крэмль проста не хацеў, каб пагадненьне ратыфікавала Дзяржаўная дума гэтага скліканьня. Падзеі апошніх дзён не падцьвердзілі, але й не абверглі гэтую вэрсію.

Учора прэсавая служба Ельцына паведаміла, што здароўе прэзыдэнта паляпшаецца і што 6 сьнежня адбудзецца ягоная сустрэча зь Леанідам Кучмам. З гэтага можна зрабіць выснову, што кіраўнік Расеі з пачатку наступнага тыдню будзе ў стане сустракацца з кіраўнікамі суседніх дзяржаваў.

2 сьнежня Ельцын асабіста патэлефаніў Лукашэнку й папрасіў прабачэньня за перанос тэрміну падпісаньня дамовы. Паводле афіцыйных паведамленьняў, бакі выказалi агульнае меркаваньне, што менавiта яны павiнны падпiсаць інтэграцыйны дакумэнт.

Ельцын заявіў Лукашэнку, што ў расейскага боку ўзьніклі пэўныя заўвагi да тэксту дамовы. Праўда, паведамляецца, што яны ня маюць прынцыповага характару й могуць быць ўрэгуляваныя ў рабочым парадку.

Але, як кажуць, ангельцы: «Д'ябал хаваецца ў дробязях». Тое, што нават ў афіцыйных паведамленьнях утрымліваецца згадка пра нейкія заўвагі расейскага боку – факт вельмі паказальны.

Але куды больш важным падаецца тое, што ня было сказана самае галоўнае – калі ж адбудзецца ўрачыстая цырымонія. Хаця, здавалася б, калі здароўе Ельцына пайшло на папраўку і ён здольны сустракацца з Кучмам, то вызначыць тэрмін падпісаньня – самы час.

2 сьнежня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Мікалай Барысевіч заявіў, што візыт рыхтуецца на пэрыяд з 7 па 15 сьнежня. Сп. Барысевіч паведаміў, што канчаткова тэрмін цырымоніі будзе вызначаны 3 сьнежня, пад час сустрэчы Ельцына з Валошыным і Пуціным.

Інфармацыя, на самой справе, даволі абразьлівая ў дачыненьні да Лукашэнкі: прэзыдэнт Расеі вызначае тэрмін нейкага сумеснага дзеяньня не з партнэрам, што было б натуральна, а са сваімі падначаленымі.

Учора ж прэм'ер Расеі Ўладзімер Пуцін пад час свайго візыту ў Мардовію заявіў, што ў сьнежні дамова будзе падпісаная напэўна. Этымалёгія слова «напэўна» надзвычай зразумелая: можа будзе падпісаная, а можа – і не.

XS
SM
MD
LG