Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Галоўнай тэмаю Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў, паседжаньне якой адбылося сёньня ў сядзібе БНФ, стала правядзеньне апазыцыйнай акцыі 10 сьнежня. У гэты дзень некалькі тысячаў чалавек аднясуць у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі пэтыцыі з патрабаваньнем захоўваць правы чалавека ў Беларусі. У сёньняшнім паседжаньні Каардынацыйнае радзе бралі ўдзел прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, АГП, БСДП "Народная Грамада", Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, "Хартыі-97".

Бліжэйшымі днямі недзяржаўныя газэты Беларусі выйдуць з узорамі звароту да Аляксандра Лукашэнкі, якія плянуецца перадаць кіраўніку беларускае дзяржавы калектыўна 10 сьнежня – у дзень прыняцьця Ўсеагульнае Дэклярацыі правоў чалавека. Жаданьне перадаць пэтыцыю ў адмінстрацыю Лукашэнкі выкажуць, як плянуецца, некалькі тысячаў чалавек.

На паседжаньні каардынацыйнай рады сёньня быў зацьверджаны узор пэтыцыі. Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Я выказваю свой рашучы пратэст супраць росту цэнаў і зьбядненьня народу, парушэньня правоў чалавека, манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі, парушэньняў закону з боку ўладаў, гандлю незалежнасьцяй Рэспублікі Беларусь. Патрабую вызваліць палітзьняволеных, спыніць парушэньне сувэрэнітэту Беларусі, дабраахвотна адмовіцца ад захопленай улады.

Гэтыя патрабаваньні я буду адносіць у 16 гадзін 10 сьнежня ў рэзыдэнцыю былога прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі".

Да прапанаванага ўзору пэтыцыі кожны з удзельнікаў акцыі зможа дапісаць сваё патрабаваньне й асабіста перадаць на Карла Маркса, 38 – паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

Такая форма правядзеньня масавай акцыі, як лічаць арганізатары, не супярэчыць беларускаму заканадаўству, а, значыць, улады ня здолеюць клясыфікаваць дзеяньні некалькіх тысячаў чалавек як палітычную акцыю. Гэта, у сваю, чаргу, можа дапамагчы пазьбегнуць традыцыйных хапуноў, судоў і "адсідак". Акрамя гэтага, такая форма правядзеньня акцыі пазбаўляе арганізатараў непрыемнай працэдуры зацьвярджэньня мейсца правядзеньня акцыі ў Менскім гарадзім выканаўчым камітэце.

Намесьнік страшыні АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што цяпер апазыцыйныя акцыі будуць якасна адрозьнівацца ад папярэдніх:

(Лябедзька: ) "Зьявілася новая тактыка. Да гэтага тры гады ўсе акцыі былі падобныя адна да адной, і 2-3 тысячы чалавек выходзілі на гэтую акцыю, і ні інфармацыйных наступстваў, ні палітычных яны ня мелі.

Зараз акцыі невялікія, але яны абсалютна новыя, з элемэнтам навізны, і сутнасьць іх у тым, што мы абсалютна абходзім заканадаўства, якое прынцыпова скіраванае супраць правядзеньня акцыяў. Калі раней гэта быў ланцуг са сьвечкамі, дык зараз, на 10-га, гэтая акцыя прысьвечаная чарговай, 51-й гадавіне прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека. Акцыя з удзелам членаў сем'яў, мужы якіх знаходзяцца ў вязьніцах альбо зьніклі. Яны ў гэты час таксама прыйдуць да будынка, дзе знаходзіцца былы прэзыдэнт Лукашэнка, прыйдуць з партрэтамі, і гэта будзе ўжо адкрытая акцыя пратэсту".

Паведаміў Анатоль Лябедзька.

Асацыяцыя маладых палітыкаў, як было паведамлена на сёньняшнім паседжаньні Каарадынацыйнае рады, плянуе перадаць Аляксандру Лукашэнку сваю пэтыцыю памерам чатыры на чатыры мэтры – 51 "не" беларускаму рэжыму.

XS
SM
MD
LG