Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сьнежня 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Сёньня ў Вільні адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у якой узялі ўдзел Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі і Рыгор Пракаповіч, які днямі пастановай Вярхоўнага Савету быў прызначаны Гэнеральным пракурорам Беларусі.

На прэсавай канфэрэнцыі былі агучаныя дзьве тэмы: учарашняя сустрэча Старшыні Вярхўнага Савету з амбасадарам ЗША Даніэлам Спэкхардам, і аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце незаконнага захопу ўлады ў Беларусі.

Першым кароткую заяву зрабіў Рыгор Пракаповіч, якога ў мінулую сыботу, 27 лістапада, Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў на пасадзе Гэнеральнага пракурора замест Васіля Капітана, пасьля таго, як той, паводле словаў Сямёна Шарэцкага "самаўхіліўся ад выкананьня сваіх абавязкаў".

Заява спадара Пракаповіча была ляканічнай. Ён сказаў, што з 21 ліпеня сёлета ў Рэспубліцы Беларусь адсутнічае легітымная ўлада, і заканадаўчая, і выканаўчая, і судовая. Таму першае, што зрабіў Гэнеральны пракурор, гэта – выдаў пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце захопу дзяржаўнай улады антыканстытуцыйным шляхам. Антызаконныя дзеяньні тых, супраць каго ўзбуджаная гэтая справа, трапляюць пад артыкул 61-прым Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Крымінальная справа ўзбуджаная ў Менску 1 сьнежня.

Карыстаючыся ўладай, дадзенай Гэнеральнаму пракурору, ён, Рыгор Пракаповіч, прызначыў старэйшага сьледчага па асабліва важных справах Гэнеральнай пракуратуры, якому і даручана далейшае вядзеньне сьледзтва. Адказваючы на ўдакладняючае пытаньне журналістаў аб тым, супраць каго канкрэтна ськіраванае гэтае дзеяньне пракуратуры, Рыгор Пракаповіч зноў нагадаў, што нелегітымнымі зьяўляюцца ўсе тры галіны ўлады, і гэта значыць, што людзі, якія працуюць у кожнай зь іх, здолеюць самі, як у люстэрку, убачыць свае злачынствы. Сказаць што-небудзь больш падрабязна новы Гэнеральны пракурор Беларусі адмовіўся, матывуючы гэта тым, што патрэбны час яшчэ не надыйшоў.

Інтэрвію нам даў Сямён Шарэцкі, які коратка расказаў пра сваю ўчарашнюю сустрэчу з амбасадарам ЗША ў Беларусі Спэкхардам і спыніўся на некаторых аспэктах прызначэньня новага Гэнеральнага пракурора і ягоных першых практычных крокаў на гэтай пасадзе.

Азнаёміўшы амэрыканскага амбасадара са сваім бачаньнем палітычнай сытуацыі ў Беларусі, сьпікер яшчэ раз, па ягоных словах, пераканаўся, што "Амэрыка ёсьць Амэрыка".

(Шарэцкі: ) "І амбасадар, і я, мы добра ведаем, што ўсе галоўныя пытаньні беларускія вырашаюцца ў Беларусі. Але паколькі Злучаныя Штаты Амэрыкі – краіна ўплывовая, мы спадзяемся, што яна ня будзе абыякавая да тых падзеяў, якія адбываюцца ў цэнтры Эўропы. І больш таго: сьвет ужо навучаны Мілошавічам".

Сямён Шарэцкі таксама заявіў нам, што вызваленьне Чыгіра – гэта толькі адна з умоваў дэмакратызацыі краіны, і што толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, у тым ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савету, пасьля рэальнага забесьпячэньня свабоды друку, свабоднага доступу апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі можна будзе казаць пра магчымасьць пачатку перамоваў апазыцыі з рэжымам Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG