Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У Ічкерыі вакол гарадоў Аргун і Ўрус-Мартан працягваюцца жорсткія баі. Расейская авіяцыя бамбуе Грозны і вёску Гойты, што на поўдні ад чачэнскай сталіцы. На тэрыторыі занятай расейскім войскам працягваюць гарэць пяць нафтавых сьвідравінаў і ў кожнай за дзень згарае да трохсот тонаў нафты. Учора ўвечары у інгушскай станіцы Сьляпцоўская міністар абароны Расеі Ігар Сяргеев заявіў, што "усе баявыя дзеяньні ў рэспубліцы будуць завершаныя да вясны".

Каля 30 населеных пунктаў трапілі ўчора пад бомбы расейскай авіяцыі і гарматніцы на тэрыторыі Ічкерыі. Найбольш пацярпелі ў выніку гэтага бамбаваньня Грозны, Аргун, Урус-Мартан і Алхан-Юрт. Расейскі бок працягвае цьвердзіць, што ягоныя сілы бамбуюць толькі шматразова спраўджаныя базы і ўмацаваньні баявікоў, а ня мірных жыхароў. Тым часам, невялікія чачэнскія аддзелы працягваюць атакаваць расейскае войска на мастах і дарогах, чым перашкаджаюць разьвіцьцю іхнага наступу.

Учора расейскае войска падыйшло да паўднёва-заходніх прадмесьцяў Грознага, дзе сутыкнулася з моцным супрацівам аддзелаў пад кіраўніцтвам Хатаба. Паводле заявы расейскага вайсковага кіраўніцтва, абарона Грознага глыбока эшалянаваная, а гэта значыць, што аблога сталіцы можа цягнуцца досыць доўга.

Як падаюць заходнія інфармацыйныя агенцтвы, расейскія сілы атачылі места Аргун, якое знаходзіцца за 5 кілямэтраў ад Грознага. На дапамогу абаронцам Аргуну, паводле расейскай разьведкі, рухаецца аддзел колькасьцю ў пяць сотняў чачэнскіх жаўнераў, які паспрабуе прарваць атачэньне.

Як расейскі, так і чачэнскі бакі працягваюць паведамляць пра вялікія страты ў стане ворага. Незалежныя крыніцы гэтых зьвестак ані падцьвердзіць, ані абвергнуць ня могуць. Але падобныя паведамленьні яшчэ раз сьведчаць, што паўсюль ідуць цяжкія баі.

"Падзеі ў Ічкерыі, – сказаў учора ў часе прэсавай канфэрэнцыі прэм'ер-міністар Фінляндыі Паава Ліппанэн, – гэта канфлікт, які адбываецца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Але гэты канфлікт ня ёсьць толькі ўнутранай справай Расеі. Таму мы вядзем гаворку пра актыўную дыпляматыю з мэтай наладзіць супрацоўніцтва з Расеяй, каб мець магчымасьць – і гэта асноўнае – даваць гуманітарную дапамогу паўночна-каўкаскаму рэгіёну і дапамагаць палітычнаму разьвязаньню канфлікту, бо ў разьвязаньне шляхам вайны мы ня верым".

Тым часам прадстаўнік Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін заявіў, што афіцыйны Вашынгтон лічыць цалкам справядлівымі выказваньні асобных расейскіх палітыкаў пра тое, што чачэнскія баявікі і іслямісцкія арганізацыі ёсьць агульным ворагам як ЗША, так і Расеі, супраць якога абедзьве краіны мусяць аб'яднаць свае намаганьні. Аднак, ня гледзячы на гэта, адміністрацыя Злучаных Штатаў лічыць, што "спосабы і сродкі" выбраныя Расеяй дзеля барацьбы з тэрарызмам ў Ічкерыі – не адэкватныя. "Празьмернае ўжываньне сілы супраць цывільнага насельніцтва, – сказаў Рубін, – выклікае ў ЗША глыбокую занепакоенасьць, таму што такі падыход не спрыяе разьвязаньню праблемы".

Учора, камісар Эўрапейскага Зьвязу ў правох чалавека Альвара Хіль-Раблэс прыехаў у раёны Дагестану, дзе ў жніўні ішлі цяжкія баі. Дэлегацыя Зьвязу мерыцца даць ацэнку гуманітарнаму крызысу на Паўночным Каўказе, дзе колькасьць чачэнскіх уцекачоў на суседнія з Ічкерыяй тэрыторыі складае каля 233 тысячаў чалавек.

XS
SM
MD
LG