Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Міжнародны друк шмат увагі надае сёньня выступу на сэсіі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ў Сыэтле прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, а таксама тамтэйшым акцыям пратэсту.

Многія дэлегаты міжнароднага форуму былі абураныя гвалтоўным разгонам дэманстрантаў у аўторак, – паведамляе сёньняшняя "New York Times". Яны скрытыкавалі паліцыю Сыэтла за адсутнасьць папераджальных захадў у адносінах да некіруемых дэманстрантаў, а таксама за нястрыманасьць ва ўжываньні сілы. Некаторыя заявілі, што лічаць незразумелым той факт, што паліцыя не стварыла калідораў бясьпекі паміж гатэлямі й цэнтрам гораду, дзе адбываецца канфэрэнцыя

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан прыбыў у Сыэтл у сераду, калі вуліцы гораду былі перакрытыя паліцыяй ды нацыянальнай гвардыяй. Вокны гатэляў былі зачыненыя, крамы не працавалі.

Выступаючы перад міністрамі гандлю, Клінтан зьвярнуўся із заклікам да народаў сьвету супрацоўнічаць у справе абароны правоў чалавека ды аховы навакольнага асяродзьдзя. Ён згадзіўся з крытыкай на адрас Усясьветнай гандлёвай арганізацыі ў сувязі з закрытым характарам ейнае дзейнасьці. Згадваючы дэманстрантаў, Клінтан зазначыў "што яны хацелі сказаць нам на вуліцы – дык гэта, каб мы не замоўчвалі праблемы. І мы ня будзем больш маўчаць," – цытуе словы амэрыканскага прэзыдэнта "New York Times".

Прэзыдэнт Клінтан цягам свайго выступу сказаў:

(Клінтан: ) "Я лічу неабходным, каб Усясьветная гандлёвая арганізацыя зрабілася больш адкрытай і даступнай, паколькі іншыя міжнародныя арганізацыі шукалі й не знайшлі спосабу прыцягнуць да ўдзелу грамадзтва. Калі гэта ўдасца, падтрымка грамадзтва ўзрасьце. Калі Усясьветная гандлёвая арганізацыя чакае большай падтрымкі сваіх намаганьняў, грамадзкасьць павінная ўсё бачыць і ўсё чуць і рэальна далучыцца да гэтых намаганьняў".

Прэзыдэнт ЗША выказаў таксама меркаваньне наконт стратэгічнай задачы Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.

(Клінтан: ) "Калі мы ня зможам стварыць узаемазьвязаную глябальную эканомічную сыстэму, якая павялічыць росквіт і сапраўдныя магчымасьці для яго паўсюль, тады ўсе нашыя палітычныя ініцыятывы ня будуць мець посьпеху".

Між тым, і пасьля ягонага выступу перад удзельнікамі форуму, пратэсты ў Сыэтле працягваліся й дасягнулі такога размаху, што мэр гораду мусіў увесьці камэнданцкую гадзіну. Як паведамляе "New York Times", у горад былі сьцягнутыя некалькі тысяч паліцэйскіх і больш як 200 атрадаў нацыянальнай гвардыі. Былі арыштаваныя больш за 400 чалавек зь ліку тых, хто перашкаджаў дэлегатам трапіць на канфэрэнцыю. У сераду ўначы паліцыя ўжыла сьлезацечны газ каб расчысьціць шлях прэзыдэнта ЗША да гатэлю.

Міжнародная рэакцыя на тэлерэпартажы з Сыэтлу, у якіх можна бачыць карціны хаосу й беспарадкаў, была рознай у залежнасьці ад узроўню эканомікі ды адносінаў да ЗША, якія дамінуюць у міжнародным гандлі.

У Вялікай Брытаніі, напрыклад, прэса больш зьвяртала ўвагу на мэтады змаганьня з дэманстрантамі. Так, сябра Эўрапейскага парлямэнту Гленыс Кінак, як прадстаўляе Вялікую Брытанію на перамовах у Сыэтле, заявіла ў сваім выступе па Брытанскім тэлебачаньні, што ўлады празьмерна захапіліся ўжываньнем сілы.

Гэтыя падзеі ня сталіся сюрпрызам для Швэйцарыі, якая летась перажыла падобныя пратэсты ў часе сустрэчы прадстаўнікоў гандлёвай арганізацыі на вышэйшым узроўні. Аглядальнік італьянскай газэты Рэспубліка Віторыё Цуконі апісвае сустрэчу ў рамках Усясьветнай гандлёвай арганізацыі як моцны, але страшнаваты саюз прапагандыстаў аховы навакольнага асяродзьдзя і эўрапейскіх дыпляматаў, праціўнікаў прадуктаў харчаваньня, атрыманых з дапамогай гэнетычнай інжынэрыі, ды эўрапейскіх аграрыяў.

У Бразыліі, якая мае самую моцную эканоміку ў Лацінскай Амэрыцы, паведамленьні з Сыэтлу зьмешчаныя на першых старонках газэтаў, і падаюцца тамтэйшыя падзеі ледзь не як найгоршыя ў ЗША з часу вайны у Віетнаме.

У Францыі, дзе адзін з тамтэйшых фэрмэраў, які выступае з пратэстам супраць Макдонладлсу, атрымаў мянушку "амэрыканскага героя", прэса вітала пратэсты жыхароў Сыэтлу.

Варта нагадаць, між тым, што ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю сёньня ўваходзяць 135 краінаў. Сярод новых сябраў арганізацыі – Баўгарыя, Чэхія, Вугоршчына, Кыргызтан, Латвія, Польшча, Румынія, Славаччына й Славенія.

Большасьць краінаў СНД, у тым ліку Беларусь, Расея ды Ўкраіна, застаюцца пакуль назіральнікамі ў гэтай арганізацыі і, разам з тым, не пакідаюць спробаў уступіць у яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG