Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

На Менскім аўтазаводзе сёньня адбылася пазачарговая канфэрэнцыя Свабоднага прафэсійнага зьвязу. Абмяркоўвалася канфліктная сытуацыя: адміністрацыя ўжо доўгі час спрабуе выжыць прафэсійны зьвяз з прадпрыемства.

Сёньняшняя канфэрэнцыя была прадыктаваная адсутнасьцю станоўчых зрухаў у канфлікце. Напярэдадні безвынікова завяршылася дзявятая спроба Свабоднага прафэсійнага зьвязу зьмякчыць сытуацыю.

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Віктар Бабаед, які меркаваў пераканаць гэнэральнага дырэктара МАЗу Валянціна Гурыновіча спыніць перасьлед мяйсцовае суполкі, фактычна атрымаў адмоўны адказ. Аніякага ўзьдзеяньня на пазыцыю кіраўніка аўтазаводу пакуль што ня меў і зварот Бабаеда да першага віцэ-прэм'ера Васіля Даўгалёва.

Старшыня заводзкае суполкі Свабоднага прафэсійнага зьвязу Міхал Марыніч нагадаў дэлегатам канфэрэнцыі, што не прынесьлі плёну й іншыя нядаўнія захады актыву прафэсійнага зьвязу.

Свабодны прафэсійны зьвяз зьвяртаўся і ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, і ў Міністэрства прамысловасьці, і нават да Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, прафэсійны зьвяз публічна паінфармаваў шэраг замежных амбасадаў у Беларусі, прадстаўніцтва АБСЭ, іншыя ўплывовыя структуры пра намер гвалтоўна спыніць на аўтазаводзе дзейнасьць дэмакратычнага прафэсійнага зьвязу.

Канфэрэнцыя прыняла два рашэньні: канстатавала факт парушэньня адміністрацыяй МАЗу аднаго з галоўных палажэньняў сёлетняе калектыўнае дамовы адносна памяшканьня для прафэсійных зьвязаў, а таксама выступіла з патрабаваньнем да адміністрацыі прадаставіць юрыдычную адрэсу суполцы Свабоднага прафэсійнага зьвязу.

Што будзе далей? Міхалу Марынічу сцэнар падзеяў вакол канфлікту на МАЗе бачыцца наступным чынам:

(Марыніч: ) "Гэтыя патрабаваньні наймальнік павінен разгледзець у пяцідзённы тэрмін і даць адказ. Калі наймальнік у гэты тэрмін не разгледзіць нашыя патрабаваньні альбо дасьць адмоўны адказ, дык наступным крокам па законе аб калектыўных спрэчках будзе стварэньне прыміральнай камісіі. Калі наймальнік адмовіцца ўзяць удзел у гэтай камісіі, тады ўжо прафсаюз ад імя прадстаўнікоў падае заяву аб разглядзе гэтага пытаньня ў дзяржаўны працоўны арбітраж. А тады ўжо Дзяржаўны працоўны арбітраж прымае рашэньне па гэтым пытаньні. Яго рашэньне абавязковае для наймальніка, той жа адміністрацыі.

Калі Дзяржаўны працоўны арбітраж зойме бок наймальніка альбо ня прыме ніякага рашэньня, тады ўжо прафсаюз пойдзе на больш рашучыя дзеяньні, мае права ўжо на страйк і іншыя сродкі барацьбы з адміністрацыяй, бо на карту пастаўленае самое існаваньне прафэсійнага зьвязу на Менскім аўтазаводзе".

Гэтак патлумачыў сытуацыю кіраўнік Свабоднага прафэсійнага зьвязу Менскага аўтазаводу Міхал Марыніч.

XS
SM
MD
LG