Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Падвышэньне кватэрнае платы й тарыфаў на шэраг камунальных паслугаў, паводле высноваў Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў, паскорыць працэс зьбядненьня працоўных. Аднак актыўнага супрацьдзеяньня гэтаму працэсу чакаць наўрад ці варта. Ва ўсялякім разе, афіцыйныя прафэсійныя зьвязы пакуль што не зьбіраюцца быць ініцыятарамі такога пратэсту, паколькі, на думку іхных лідэраў, для гэтага ня высьпелі ўмовы ў працоўных калектывах.

Пасьля 1 сьнежня, як паведаміў нашаму радыё кіраўнік сацыяльна-эканамічнага аддзелу Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Іван Гурскі, доля беларускіх сем'яў, чый бюджэт будзе ніжэй за пражыткавы мінімум, узрасьце да 55%.

У зьвязку з гэтым Фэдэрацыя скіравала ліст Сяргею Лінгу з заклікам кампэнсаваць рост тарыфаў. У лісьце ўвага старшыні ўраду зьвернутая на павелічэньне маштабаў беднасьці ў краіне. Паводле ацэнкі прафэсійных зьвязаў, болей за мільён жыхароў Беларусі атрымліваюць заробкі, не дастатковыя нават дзеля фізыялягічнага выжываньня. Гэткая сытуацыя, на думку аўтараў ліста, патрабуе неадкладнага павелічэньня пэнсіяў, стыпэндыяў ды іншых сацыяльных дапамогаў.

Варта зазначыць, што ў звароце да Лінга афіцыйныя прафэсійныя зьвязы ўстрымліваюцца ад запужваньня ўладаў радыкальнымі дзеяньнямі – масавымі акцыямі пратэсту. Як вынікае з тлумачэньня намесьніка старшыні Фэдэрацыі Антона Матусевіча на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, такія паводзіны адпавядаюць тактыцы афіцыйных прафэсійных зьвязаў.

Пасьля верасьнёўскага мітынгу ў Менску Фэдэрацыя, паводле словаў яе кіраўнікоў, ва ўзаемадачыненьнях з урадам вырашыла з'акцэнтаваць увагу на перамоўным працэсе. Але калі на працягу бліжэйшага часу гэтыя перамовы ня будуць мець плёну, прафэсійныя зьвязы Ўладзімера Ганчарыка зноў зьбіраюцца аб'явіць ультыматыўныя патрабаваньні.

Сакратар Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Валянціна Палевікова апраўдвае згаданую тактыку грамадзкім пэсымізмам у краіне. Сацыялягічныя апытаньні, паводле яе словаў, сьведчаць пра нізкую долю тых, хто дзеля адстойваньня сваіх інтарэсаў гатоў выйсьці на вуліцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG