Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларусь завінавацілася Расеі за спажытыя энэргарэсурсы 177 трыльёнаў рублёў. Сёньня праблема разьлікаў з Расеяй абмяркоўвалася на прэзыдыюме Савету міністраў.

Беларуская запазычанасьць толькі канцэрну "Газпрам" на цяперашні час складае 211 мільёнаў даляраў. Праўда, беларускія ўлады ўвесь час угаворваюць кіраўніцтва расейскага газавага канцэрну і ўрад Расеі адтэрмінаваць выплату ці прыняць частку пазыкі таварамі й узаемазалікамі.

Пад час нядаўняе сустрэчы ў Маскве Сяргея Лінга з Уладзімерам Пуціным беларускаму прэм'еру нібыта ўдалася дасягнуць дамоўленасьці на гэты конт. Удалося нават адправіць на Усход частку прадукцыі коштам 35 мільёнаў даляраў у лік пагашэньня пазыкі. Цяпер урад Беларусі спрабуе дамовіцца з расейцамі пра яшчэ адну партыю тавараў ужо на 159 мільёнаў рублёў.

Аднак Масква пакуль не жадае сьпісваць Беларусі такую вялікую частку пазыкі, бо бартэр і ўзаемазалікі фактычна не прыносяць аніякага прыбытку ў фэдэральны бюджэт. Ды і "Газпрам" і "Адзіныя энэргасыстэмы Расеі" хочуць атрымліваць за сваю прадукцыю грошы, а не сурагат.

Ускосным сьведчаньнем жаданьня Расеі любымі шляхамі атрымаць грошы зьяўляецца значнае абмежаваньне паставак у Беларусь вадкага прыроднага газу. Такім газам у балёнах карыстаюцца жыхары бальшыні беларускіх вёсак і раённых цэнтраў. Праўда, кіраўніцтва дзяржаўнага канцэрну "Белэнэргарэсурсы" сьцьвярджае, што прычынаю перабою зьяўляецца прафіляктыка чыгуначных цыстэрнаў у Расеі, у якіх перавозяць гэтае паліва.

Сёньня на прэзыдыюме Савету міністраў прэм'ер Лінг запатрабаваў ад сваіх падначаленых жорстка спаганяць пазыкі зь неплацельшчыкаў, прыцягваць кіраўнікоў прадпрыемстваў і гаспадарак, што завінаваціліся за энэрганосьбіты, да адміністратыўнай адказнасьці й нават здымаць іх з пасадаў.

Аднак ці дапамогуць такія захады кіраўніку ўраду выбіць грошы з таго ж аграпрамысловага комплексу, які зьяўляецца асноўным неплацельшчыкам і сам спадзяецца толькі на дзяржаўныя крэдыты?

XS
SM
MD
LG