Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як ставяцца да падпісаньня беларуска-расейскай дамовы прадстаўнікі палітычнай эліты Расеі. На сувязі з Масквы – дырэктар Цэнтру палітычнае кан'юнктуры Аляксей Часнакоў.

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць небясьпека, што дабраахвотнае аб'яднаньне перарасьце ў інкарпарацыю, і Расея паглыне Беларусь?"

(Часнакоў: ) "Заўсёды існуе такая небясьпека. Было б бяздумным адкідаць такую магчымасьць. Іншая справа, што сёньня Лукашэнка знаходзіцца на такой стадыі палітычнай сілы ў Беларусі, якая дазваляе яму кантраляваць грамадзкую думку на дастаткова высокім узроўні. І казаць адназначна, што Расея мае дастатковыя ўмовы, рэсурсы для інкарпарацыі Беларусі паводле падзяленьня на 6 вобласьцяў і ўключэньня ў фэдэратыўныя ворганы прадстаўнікоў гэтых шасьці вобласьцяў, а таксама ліквідацыі адпаведна беларускіх ворганаў улады – казаць пра гэта пакуль рана.

Іншая справа, што ў далейшай стратэгічнай пэрспэктыве, калі б можна было прапанаваць нейкія канкрэтныя мэханізмы і, што важна, палітычныя інстытуты, якія маглі б сапраўды зраўнаць шанцы Беларусі і Расеі ў прадстаўніцтве ў фэдэральных ворганах улады будучай дзяржавы, альбо ў канфэдэратыўных ворганах – дык, безумоўна, магчымая інкарпарацыя. Тым больш, сыходзячы з тых палітычных, грамадзянскіх правоў, якія маюцца на ўвазе для грамадзянаў новай саюзнай дзяржавы, была б, вядома, больш лягічнай інкарпарацыя Беларусі ў Расею".

(Карэспандэнт: ) "Як вядома, падпісаньне саюзнай дамовы адкладзенае. Ці адная хвароба Ельцына таму прычынай, альбо ёсьць нейкія іншыя прычыны?"

(Часнакоў: ) "Я б спыніўся на галоўнай вэрсіі: самае галоўнае – гэта хвароба Ельцына. Іншае пытаньне, ці зьяўляецца гэтая хвароба палітычнай? На маю думку, тут, як у добрага палітыка, у прэзыдэнта ёсьць магчымасьць скарыстацца сваёй хваробай і адкаласьці на няпэўны тэрмін падпісаньне гэтай дамовы.

Справа ў тым, што паводле аднаго з артыкулаў Дамовы, з моманту ейнага ўступленьня ў сілу, грамадзяне Саюзнай дзяржавы маюць на тэрыторыі адзін аднаго роўныя правы. І атрымліваецца, што беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, маюць права абіраць і быць абранымі ў ворганы расейскай дзяржавы. Там гэта прапісана дакладна, і незразумела, які юрыдычны казус можа ўзьнікнуць у сувязі з парлямэнцкімі выбарамі. І многія заяўлялі пра магчымасьць адкладаньня менавіта парлямэнцкіх выбараў, калі такая саюзная дамова ўвойдзе ў дзеяньне і будзе ратыфікаваная яшчэ да парлямэнцкіх выбараў. Гэта толькі адзіны прыклад недапрацаванасьці гэтай Дамовы, які сьведчыць, што хвароба прэыздэнта прыпала на добрую фазу, калі Расеі выгодна адкласьці падпісаньне і ратыфікацыю на поствыбарчы пэрыяд – каб не атрымаць потым абвінавачаньняў у спробах адкласьці выбары – чым неадкладна скарысталася б левая апазыцыя".

(Карэспандэнт: ) "А калі дамова будзе падпісаная – ці ня ўзьнікне праблема зь яе легітымнасьцяй у сувязі з легітымнасьцяй Аляксандрадра Лукашэнкі?"

(Часнакоў: ) "На тэрыторыі былога СССР ёсьць некалькі кіраўнікоў дзяржаваў, легітымнасьць якіх не прызнаецца замежнымі ворганамі кантролю за дэмакратычнымі выбарамі. Зь іншага боку, гэта не ўплывае на стан уладных структураў як такіх. Яны працягваюць сваю дзейнасьць, і таму казаць, што гэта ўнясе нейкі разлад, альбо дапаможа апазыцыі – адсунуць прэзыдэнта ад улады немагчыма.

У Беларусі ён жорстка кантралюе сытуацыю: колькі б не казалі пра ягоную нелегітымнасьць, ён знаходзіцца ля ўлады, у ўсе вымушаныя з гэтым лічыцца. Я думаю, што падобныя размовы будуць працягвацца да завершаньня гэтага напаўлегітымнага тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі, але наўрад ці знойдзецца нейкая палітычная сіла – як унутраная, так і зьнешняя, – якая змагла б паставіць пад рэальнае сумненьне, а галоўнае – паставіць пад сумненьне ўсяго грамадзтва нелегітымнасьць знаходжаньня Лукашэнкі ля ўлады. Таму дамова, я думаю, будзе больш прызнавацца дэ-факта, чымся дэ-юрэ".

XS
SM
MD
LG