Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

На 11 сьнежня прызначаны новы візыт у Менск кiраўнiка рабочае групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусi Адрыяна Севярына.

Пра маючы адбыцца вiзыт Адрыяна Севярына я пачуў ад кiраўнiка кансультатыўна-назiральнае групы АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Вiка. Паводле ягоных словаў, мэта спадара Севярына застаеца той жа, што й пад час папярэдняга вiзыту – неабходнасьць усталяваньня ў Беларусi клiмату ўзаемнага даверу памiж уладамi й апазыцыяй. У гэтыя дні рыхтуецца праграма знаходжаньня Севярына ў Менску. У прыватнасьцi, зноў жа паводле словаў Вiка, прапрацоўваецца магчымасьць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Памiж апошнiм вiзытам Севярына, які працягваўся з 27 па 30 кастрычнiка, i маючым адбыцца – такая важная падзея, як стамбульскi самiт, у рэзалюцыi якога ёсьць адмысловы параграф пра становiшча ў Беларусi. У ім канстатуецца наяўнасьць у краiне канстытуцыйнага крызысу, улады й апазыцыя заклiкаюцца да дыялёгу.

Мiж тым, дыялёг на пэўны час прыпынены. Як вядома, экспэрты па сродках масавай iнфармацыi ад апазыцыйных партыяў i ўраду распрацавалi асноўныя дакумэнты адносна доступу апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя. Але ў далейшым дамоўленасьці былi фактычна дэзавуяваныя ўрадавым бокам.

Xаця ў распрацоўцы іх удзельнiчалi такiя кіраўнікі дзяржаўных СМІ, як, да прыкладу, галоўны рэдактар газэты "Советская Белоруссия" Павал Якубовiч, або галоўны рэдактар Агэнцыі тэлевiзiйных навiнаў Аляксандар Цiтавец, у дзяржаўных сродках масавай iнфармацыi разгарнулася моцная кампанiя супраць экспэртаў. Iх абвiнавачваюць, што яны быцам бы ўводзяць цэнзуру, парушаюць Канстытуцыю ды iншыя законы.

Апошняе пасяджэньне экспэртаў адбылося ажно 15 лiстапада. Потым кiраўнiк урадавае групы памочнiк Лукашэнкi Мiхал Сазонаў то ад'яжджаў у Стамбул, то ў Маскву. 30 лiстапада ўрадавы бок у чарговы раз папрасiў перанесьцi сустрэчу на пазьнейшы тэрмiн.

Паўстае пытаньне: чаму? Адказ на яго даў Ганс-Георг Вiк. У размове зь iм Сазонаў шчыра прызнаўся: без iнструкцыяў ад Лукашэнкi працягваць кансультацыi экспэртаў няма сэнсу. А сустрэцца з Лукашэнкам у Сазонава анiяк не атрымлiваецца. Таму й дата чарговага раўнду кансультацыяў пакуль невядомая.

Тым больш, што й экспэрты з боку апазыцыi ўчора выступiлi з заяваю, у якой патрабуюць, каб iм далi слова на дзяржаўнай тэлевізіi i радыё. Яны хочуць растлумачыць сутнасьць напрацаваных дакумэнтаў пра доступ апазыцыi да дзяржаўных мас-мэдыя. Калi гэта ня будзе зроблена, экспэрты ад апазыцыi пагражаюць адмовiцца ад далейшых кансультацыяў.

У шэрагу агульных захадаў адносна наладжваньня дялёгу памiж урадам i апазыцыяй застаюцца тры галоўныя умовы:
першая – вызваленьне з-за кратаў усiх, хто ўтрымліваецца з палiтычных матываў;
другая – заканчэньне адмiнiстратыўнага перасьледу нядзяржаўных СМI;
трэцяя – эфэктыўнае расьледваньне справаў таямнiча зьнiклых палiтыкаў.

У адносінах да першай умовы вылучаецца адзiн новы аспэкт. Ад Ганса-Георга Вiка стала вядома, што сп. Севярын ад iмя АБСЭ будзе дамагацца ад беларускiх уладаў згоды на тое, каб судовы працэс над Мiхалам Чыгiром, калi ён адбудзецца, быў адкрытым.

XS
SM
MD
LG