Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў Менску меў адбыцца праваабарончы пікет, у якім плянаваў узяць удзел экс-прэм'ер Беларусі Міхаіл Чыгір. Спадар Чыгір на мейсца правядзення пікету зьявіўся, арганізатары – прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру "Вясна" – не.

Першай публічнай акцыяй, у якой пажадаў узяць удзел вызвалены экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір, павінен быў стаць праваабарончы пікет, пра які сёньня зранку нашаму радыё паведаміла сябра Праваабарончага цэнтру "Вясна" Леанарда Мухіна. Аднак публічна прадэкляраваць сваю прыхільнасьць да праваабарончае тэматыкі й выказаць салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі Міхаілу Чыгіру і ягонай жонцы Юліі сёньня так і не ўдалося.

У запляваны час – а 15-й гадзіне, у прызначаным мейсцы – на пляцы Бангалёр, ніхто з арганізатараў пікету не зьявіўся. Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру "Вясна", у адрозненьне ад Міхаіла і Юліі Чыгір, былі занятыя іншымі справамі.

Спачатку кіраўнік сеткі назіральнікаў "Вясны" Барыс Гюнтэр у тэлефоннай размове патлумачыў, што захварэў заявіцель пікету Валянцін Стэфановіч. Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі назваў іншую прычыну: правабарончы цэнтар мяняе офіс і праца па ўладкаваньні ў новым мейсцы займае шмат часу. Разам з тым Алесь Бяляцкі выказаў шчырае зьдзіўленьне тым, што ў пікеце плянаваў ўзяць удзел Міхаіл Чыгір.

Сёньня экс-прэм'ер, між тым, здолеў наведаць амбасады эўрапейскіх краінаў – Вялікай Брытаніі, Нямеччыны й Францыі.

XS
SM
MD
LG