Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сьнежня 1999 г.


Вызваленьне былога прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра было апошнім часам адным з пастаянных патрабаваньняў адміністрацыі ЗША. Як ацэньвае гэты акт афіцыйны Вашынгтон, ці мяняецца амэрыканская пазыцыя адносна прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, чые легітымныя паўнамоцтвы скончыліся сёлета ў ліпені, як ставіцца амэрыканскі ўрад да падпісаньня беларуска-расейскай саюзнай дамовы? На пытаньні Беларускай службы Радыё Свабода адказвае прадстаўніца Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША Эн Джонсан.

(Джонсан: ) "Мы вітаем вызваленьне былога прэм'ер міністра Міхаіла Чыгіра. Аднак, нам вядома, што палітычна матываваныя абвінавачаньні супраць яго не адкінутыя. Мы заклікаем улады Беларусі рухацца далей у разьвязаньні праблемаў правоў чалавека, аднаўленьні дэмакратыі ў Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Джонсан, у Беларусі застаюцца яшчэ палітычныя вязьні – дэпутаты Вярхоўнага Савету Кудзінаў, Клімаў…"

(Джонсан: ) "Мы будзем настойваць на іх вызваленьні таксама".

(Карэспандэнт: ) "Зараз, калі беларускія ўлады зрабілі такі жэст добрай волі – ці могуць яны разьлічваць на нейкую палёгку ў амэрыкана-беларускіх дачыненьнях?"

(Джонсан: ) "Я лічу, што мы ясна даем зразумець, што нам вядомы той факт, што ня ўсе абвінавачаньні супраць Чыгіра скасаваныя. І нам хацелася б бачыць большы прагрэс у вырашэньні праблемаў правоў чалавека і аднаўленьні дэмакратыі".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Джонсан, цяпер пытаньне ў справе беларуска расейскага саюзу, які зьбіраюцца неўзабаве падпісаць. У свой час, калі Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі, ЗША былі сярод краінаў-гарантаў ейнае бясьпечнай будучыні. Цяпер пад пагрозай сувэрэнітэт Беларусі. Як ставіцца Вашынгтон да новага альянсу Масквы і Менску?"

(Джонсан: ) "У прынцыпе, мы ня супраць інтэграцыі эўрапейскіх краінаў – пры ўмове, што гэта ўзаемавыгадна, не стварае перашкодаў для больш шырокай трансатлянтычнай інтэграцыі і ёсьць справай дабраахвотнай.

Дзеля таго, каб лічыцца дабраахвотнай, інтэграцыя павінна быць вынікам дэмакратычнага працэсу. У Беларусі няма дэмакратычнага працэсу. З гэтай прычыны немагчыма прызнаць, што рашэньні аб саюзнай дамове з Расеяй адлюстроўваюць волю беларускага народу, альбо што гэтыя рашэньні – добраахвотныя".

(Карэспандэнт: ) "І яшчэ адно пытаньне. Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пасьля страты легітымнасьці двойчы ўдзельнічаў на роўных у міжнародных сустрэчах – на днях у Кіеве, ў інаўгурацыі прэзыдэнта Кучмы, а перад тым наведаў Стамбул, саміт АБСЭ, адкуль прывез фотаздымак з прэзыдэнтам Білам Клінтанам…"

(Джонсан: ) "Выбачайце, мы звамі ўжо мелі пра гэта гаворку*, і я, спадзяюся, зусім ясна сказала, што гэта не была сустрэча паміж прэзыдэнтам Клінтанам і спадаром Лукашэнкам. Я ясна заяваіла, што спадару Лукашэнку ўдалося наблізіцца да прэзыдэнта Клінтана з працягнутай рукой, і тады прэзыдэнт Клінтан паціснуў яе. Але гэта не была афіцыйнвя сустрэча ці абмен меркаваньнямі паміж кіраўнікамі дзвюх краінаў".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Джонсан, ці зьмянілася цяпер, пасьля вызваленьня спадара Чыгіра, стаўленьне ЗША да легітымнасьці кіраўніка Беларусі?"

(Джонсан: ) "Не".

Аляксандар Лукашук, Прага

* Падрабязнасьці гл. Архіў, 23 лістапада 1999.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG