Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Каля двух мільёнаў шасьцісот тысячаў чалавек памрэ ад СНІДу сёлета, – больш чым калі-небудзь з часу пачатку эпідэміі. Гэтыя лічбы з крыніцаў ААН надаюць асаблівае значэньне сёньняшняму Міжнароднаму дню барацьбы са СНІДам. Газэта "The Washington Post" у сваім аглядзе піша пра новыя тэндэнцыі пашырэньня хваробы.

Сёньня кожны дваццаты чалавек на зямлі памірае ад СНІДу, піша газэта. Усяго ж ад захворваньня, невядомага яшчэ дваццаць гадоў таму, памерла больш як 16 мільёнаў чалавек. Калі ўлічыць, што да канца гэтага году прыбавіцца каля пяці з паловай мільёнаў чалавек з сіндромам імунадэфіцыту, то ўсяго на плянеце акажацца больш як 33 мільёны носьбітаў гэтай хваробы.

Учора, напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы са СНІДам, які адзначаецца ўжо дванаццаты раз, быў распаўсюджаны даклад міжнароднай праграмы UNAIDS, у якой супольна працуюць структуры ААН, Сусьветнай арганізацыі здароўя, Сусьветнага банку і некаторых іншых. Эпідэміёлягі праграмы UNAIDS зьвяртаюць увагу на новую тэндэнцыю. Так, у цэнтральнай Афрыцы, дзе жыве зараз 70 працэнтаў хворых на СНІД, павялічваецца доля хворых жанчынаў: на кожных 10 хворых мужчынаў іх прыпадае 12. Раней, на пачатковай стадыі эпідэміі, было інакш: адносна невялікая група жанчын-прастытутак заражала вялікую колькасьць мужчынаў. Потым гэтыя мужчыны перадавалі вірус сваім жонкам альбо, так бы мовіць, некамэрцыйным партнэркам. Цяпер жанчыны дамінуюць.

Гэта зьвязанае і з пэўнай спэцыфікай сацыяльна-полавых сувязяў. Так, сярод 15-19 гадовых падлеткаў дзяўчынкі маюць у пяць разоў большую верагоднасьць быць заражанымі СНІДам, чым хлопцы. Дзяўчынкі-падлеткі маюць, як правіла, стасункі са старэйшымі мужчынамі, якія могуць быць інфікаванымі і хворымі. Гэтая тэндэнцыя, кажа Пітэр Пайёт, дырэктар праграмы UNAIDS, прымушае нас, як ні дзіўна, зьмяніць адрасата прафіляктычных захадаў і больш сканцэнтарваць увагу не на жанчынах, а на мужчынах. Неабходна пачаць адукацыйныя праграмы для хлопчыкаў і зрабіць, калі нешта яшчэ магчыма, для дарослых мужчынаў.

Пітэр Пайёт таксама гаворыць пра тое, што неабходна працаваць і над жаночымі мэтадамі прафілактыкі. У прыватнасьці, над прэзерватывам, які могуць ужываць жанчыны і які пакуль занадта дарагі. Неабходныя і вагінальныя антымікробныя прэпараты, якія яшчэ не прапанаваныя мэдыцынай.

З асаблівай хуткасьцю, як піша газэта, расьце колькасьць інфікаваных сярод спажыўцоў наркотыкаў з краінаў былога Савецкага Саюзу. Так, у Расейскай Фэдэрацыі палова ўсіх зафіксаваных выпадкаў захворваньняў з пачатку эпідэміі прыходзіцца на апошнія дзевяць месяцаў гэтага году.

Адносна невысокія паказчыкі захворваньня на СНІД маюць дзьве шматнаселеныя краіны – Індыя і Кітай. Гэта, на думку спэцыялістаў, тлумачыцца толькі пачатковай стадыяй працэсу, і на наступныя 20 гадоў тэндэнцыі таго, як хвароба будзе авалодваць плянэтай, будуць залежаць ад сытуацыі ў гэтых рэгіёнах.

Што ж адносна ранейшых прадказаньняў, то Пітэр Пайёт прызнае: прагнозы васьмідзесятых гадоў не спраўдзіліся ў дачыненьні да заходніх нацыяў – чаканая колькасьць хворых аказалася завышанай. І наадварот, сапраўны выбух эпідэміі ў Афрыцы аказаўся невымерна больш высокім. У некаторых зь яе гарадоў да трыццаці адсоткаў жыхароў павязаныя адным несуцешным дыягназам.

XS
SM
MD
LG