Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 1999 г.


Аляксандар Лукашук

Беларусь – 145-я з 161-й краіны сьвету паводле ўзроўню эканамічнай свабоды. Так сьцьвярджае новае, пятае паводле ліку, выданьне "Індэксу эканамічнай свабоды", выпушчанае сёньня ў сьвет амэрыканскай Фундацыяй Спадчыны (The Heritage Foundation) і ўплывовй газэтай "Wall Streer Journal".

Гэтая настольная кніга для палітыкаў і інвэстараў вызначае і месца сёньняшняе Беларусі ў глябальнай эканамічнай сыстэме – 145-е. Беларуская эканоміка аднесеная да катэгорыі рэпрэсіўных. Паводле набранай колькасьці балаў, 4,1 – Беларусь уваходзіць у апошнюю групу, разам із Паўночнай Карэяй.

"Беларусь – адна з найменш рэфармаваных і найбольш рэпрэсіўных краінаў – былых савецкіх рэспублікаў". Так пачынаецца разьдзел "Індэксу эканамічнай свабоды", прысьвечаны Беларусі. "Прамысловая база Беларусі састарэлая, эканоміка ў развале. Адсутнасьць структурных рэформаў і варожы клімат для прадпрымальніцтва перашкаджаюць замежным інвэстыцыям. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка кіруе жалезнай рукой і ня церпіць сур'ёзнай апазыцыі".

Дасьледаваньне грунтуецца на вывучэньні шырокай базы фактаў і паказчыкаў у спалучэньні з глыбокім тэарэтычным аналізам фактараў, якія ўплываюць на падставы эканамічнага росту. Хаця існуе шмат розных тэорыяў адносна крыніцаў і прычынаў эканамічнага разьвіцьця, аўтары гэтага дасьледаваньня сьцьвярджаюць, што яго вынікі адназначна сьведчаць: краіны з найвышэйшай эканамічнай свабодай маюць больш высокі ўзровень доўгатэрміновага эканамічнага росту і ёсьць больш заможныя, чым краіны зь меншай эканамічнай свабодай.

У дасьледаваньні ўлічаныя 50 незалежных пераменных дадзеных, якія згрупаваныя ў дзесяць агульных фактараў эканамічнай свабоды. Чым большае ўмяшаньне ўраду ў эканоміку, чым менш эканамічнай свабоды, тым большая ацэнка паводле 5-бальнай шкалы надаецца таму ці іншаму фактару. Іншымі словамі, ад 1 да 2 балаў – свабодная эканоміка, ад 2 да 3 – пераважна свабодная, ад 3 да 4 – пераважна несвабодная, і ад 4 да 5 – несвабодная.

Вось пералік фактараў, якія ўлічваюцца:

- гандлёвая палітыка
-
- фіскальны ціск ураду
-
- умяшальніцтва ўраду ў эканоміку
-
- манетарная палітыка
-
- плыні капіталу і замежныя інвэстыцыі
-
- банкі
-
- зарплаты і цэны
-
- маёмасныя правы
-
- рэгулятарская функцыя дзяржавы
-
- чорны рынак

Паводле гэтых крытэрыяў, Беларусь мела ў 1995 годзе 3,7 бала – гэта катэгорыя "пераважна несвабодны"; у 1996 паказчык крыху палепшыўся – 3,4 бала, наступны, пасьлярэфэрэндумны 1997 год зафіксаваў скачок назад – 3,8 бала. Летась эканоміка Беларусі з 4 баламі ўвайшла ў катэгорыю "рэпрэсыўных". Сёлета гэтая рэпутацыя толькі ўмацавалася – 4,1 бала і 145 месца ў сьпісе са 161 краіны.

"Індэкс эканамічнай свабоды" ляканічна ацэньвае сытуацыю паводле кожнага са згаданых 10 фактараў свабоды. Гандлёвая палітыка беларускіх уладаў характарызуецца стабільна высокім узроўнем пратэкцыянізму – сярэднія тарыфы складаюць 13,7%; дзейнічаюць высокія нетарыфныя бар'еры на імпарт, агульная ацэнка – 4 балы.
Манетарная палітыка – 5 балаў, прычына – надзвычай высокая інфляцыя; у банкаўскай сфэры – высокі ўзровень абмежаваньняў, 4 балы; чорны рынак – 5 балаў, тут надзвычай высокі ўзровень актыўнасьці.

Экспэрты пішуць, што чорны рынак, які быў немалы за савецкім часам, яшчэ больш вырас з прычыны марудных эканамічных рэформаў. Сюды ўваходзіць кантрабанда спажывецкіх тавараў, аказаньне транспартных ды іншых паслугаў, парушэньні аўтарскіх правоў, у тым ліку, шырокае распаўсюджваньне пірацкіх аўдыё- і відэазапісаў і кампутарных праграмаў.

Таварны абмен – бартэр, і кантрабанда сталі галоўнымі накірункамі эканамічнай актыўнасьці ў Беларусі за апошнія гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG