Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Эксклюзіўнае інтэрвію Міхаіла Чыгіра, выпушчанага ўчора са сьледчага ізалятару пад падпіску аб нявыезьдзе, Беларускай службе Радыё Свабода.

Былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір адразу сказаў, што ягоная рашучасьць турмой і працэсам не зламаная. Міхаіл Чыгір не пасьпявае ў гэтыя дні адказваць на ўсе тэлефанаваньні. У інтэрвію нашай надыёстанцыі палітык пачаў гутарку з самага моцнага ўражаньня ад новага досьведу.

(Чыгір: ) "Першае ўражаньне, а я, на жаль, ня ведаў гэтага раней, калі працаваў прэм'ерам, – тое, што там сядзяць людзі, палова зь якіх павінныя быць на свабодзе. Дзяржава траціць велізарныя грошы, для таго, каб гэтых людзей там трымаць. Мы робім выгляд, што мы іх перавыхоўваем, а на самой справе ўсё гэта далёка ня так.

Трэба мяняць і наш крымінальны кодэкс і крымінальна-працэсуальны кодэкс і напісаць іх такім чынам, каб у нас было як у нармальных дзяржавах. Каб столькі людзей у турмах не знаходзілася. Большая частка гэтых людзей ніякай пагрозы для дзяржавы не ўяўляюць. Яны павінны быць на свабодзе."

(Карэспандэнт: ) "Відаць, цяпер Вы ў сваёй дзейнасьці будзеце вялікую ўвагу надаваць і правам чалавека?"

(Чыгір: ) "Абавязкова".

(Карэспандэнт: ) "Як ставіліся да Вас арыштаваныя, затрыманыя, пэрсанал?"

(Чыгір: ) "Людзі выконвалі загады. Чалавек, які мае на сваіх плячах пагоны, атрымоўвае загады і выконвае іх. Так было з маім затрыманьнем, арыштам. Трэба гаварыць пра тых сьледчых, якія працуюць на самым версе, якія пісалі абвінавачаньні ў мой адрас. Дык я павінен сказаць, што праўды там няма".

(Карэспандэнт: ) "Што тычыцца асуджаных, наколькі можна гаварыць, што яны цікавяцца палітыкай, сочаць за кантэкстам?"

(Чыгір: ) "У нашай камэры былі газэты. Я атрымоўваў газэты. Людзі зь іншых камэраў рэгулярна прасілі пазычыць нешта пачытаць. У нас была магчымасьць перадаваць газэты ў іншыя камэры. Людзі цікавяцца. Па-першае, там ёсьць час. Можа на свабодзе хтосьці й не чытаў, але там чытаюць. Працэнтаў 20-25 размоваў – пра амністыю. Таксама – што думае ўрад".

(Карэспандэнт: ) "А што ў вязьніцы думаюць пра ўрад?"

(Чыгір: ) "Я павінен сказаць: гэта адназначна. Гадоў пяць назад, нават тры гады назад, тыя людзі, якія сядзяць у турмах, працавалі і маглі атрымаць пэўную капейку, нешта купіць. На сёньняшні дзень ніхто нідзе не працуе, грошы зарабіць немагчыма, умовы ўтрыманьня значна горшыя. Усе ў турме гавораць аб тым, што стала дрэнна, стала нашмат горш і выказваюць сваё незадавальненьне ў адрас ураду і Лукашэнкі. Каб там людзі галасавалі, то 99 адсоткаў утрыманых у турме прагаласавалі б супраць цяперашніх уладаў".

(Карэспандэнт: ) "Вы былі арыштантам такога рангу. Як ставіліся да Вас, ці адчувалі Вы адмысловае стаўленьне?"

(Чыгір: ) "І пэрсанал, і самі асуджаныя ставіліся вельмі добра".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы змагаліся з нудой і з часам? Як Вы яго выкарыстіўвалі?"

(Чыгір: ) "У турме пачаў вучыць ангельскую мову. Па-другое, былі кнігі. Па-трэцяе, сьледчыя часта хадзілі, напрацавалі 18 тамоў, па 300-400 старонак у кожным. Знаёмства з гэтай усёй вакханаліяй вымагае шмат часу".

(Карэспандэнт: ) "Можа нейкія кніжкі пасьпелі прачытаць, на якія не было часу?"

(Чыгір: ) "Так, пасьпеў. Асабліва пра турмы".

(Карэспандэнт: ) "Ці выходзілі на Вас вашыя былыя калегі, паплечнікі з намэнклятуры, чыноўнікі? Ці выходзілі яны на Вас, каб выказаць нейкую падтрымку?"

(Чыгір: ) "Па-першае, выйсьці на мяне там было ня так і проста. Па-другое, вы знаеце, што вось за гэтую ноч і гэты дзень вельмі многія людзі, нават не баючыся, патэлефанавалі, павіншавалі, выказалі падтрымку. Але ж вы знаеце, што нашыя людзі запалоханыя вельмі. Адзін чалавек, які працаваў ва ўрадзе і якому ад майго імя пазванілі і пагаварылі, праз два дні быў звольнены".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, спадар Міхаіл, Вашыя пляны ў выпадку станоўчага разьвязаньня Вашай справы, ці нестаноўчага. Што Вы будзеце рабіць у палітычнай сфэры?"

(Чыгір: ) "Па-першае, у мяне ўчора адбылася кароткая сустрэча з кіраўнікамі палітычных партыяў, праўда пакуль не з усімі. Я буду раіцца зь імі, што мне рабіць і як. Але ў любым выпадку. Мяне чакаюць, і я буду працаваць у палітыцы. Разам зь іншымі."

(Карэспандэнт: ) "Таму, хто Вам аказваў найбольшую падтрымку, можаце праз нашую радыёстанцыю выказаць ім падзяку".

(Чыгір: ) "Вы ведаеце, для мяне гэта так важна. Я ўключаю тэлевізар і чую пра тое, колькі я там накраў, і тады я думаю, як такую інфармацыю ацэньваюць людзі. Тыя, зь кім працаваў, хто мяне падтрымліваў. Ці павераць той прапагандзе і забудуць Чыгіра ці застануцца са мной? Для мяне гэта вельмі важна".

(Карэспандэнт: ) "Вашая жонка была ці не галоўным пасярэднікам паміж намі, журналістамі, і Вамі, чалавекам, які ў турме. Яна заўсёды паўтарала, што яе мужа зламаць немагчыма…"

(Чыгір: ) "А як можна зламацца пры такой жонцы?"

XS
SM
MD
LG