Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

(эфір 29 лістапада)
28 лістапада ў Віцебску прайшла справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя абласной арганізацыі ТБМ. Гаворка ішла ня толькі пра мову, але і пра стан беларускай культуры. Сярод іншага, прагучалі і аптымістычныя ноты.

Па-перашае, павялічваецца колькасьць суполак Таварыства Беларускай Мовы ў раёнах вобласьці. І гэта ня гледзячы на тое, што мясцовыя ўлады ў большасьці непрыхільна ставяцца да гэткага працэсу. Вельмі цяжка зарэгістраваць раённую арганізацыю. Гучаць, як, напрыклад, на Шаркаўшчыне, адкрытыя пагрозы звольніць тых жа настаўнікаў беларускай мовы, калі яны стануць сябрамі суполак ТБМ. Таму даводзіцца хаваць іх прозьвішчы і прозьвішчы вучняў ды навучэнцаў іншых установаў.

Па-другое, адбыўся паварот ад чаканьня нейкіх пераменаў да карпатлівай працы з людзьмі, у першую чаргу з моладзьдзю. Пачалі стварацца суполкі ў ВНУ, школах. Некаторыя раённыя арганізацыі ўжо выдаюць свае бюлетэні, праводзяць шматлікія мерапрыемствы. Напрыклад, у Гарадку сумесна з аддзелам адукацыі мясцовыя актывісты ТБМ падрыхтавалі конкурс на лепшага рупліўца роднага слова. У іхным бюлетэні друкуюцца вершы таленавітых школьнікаў Гарадоччыны.

Паступова паварочваецца да нацыянальнага касьцёл. Павялічваецца кольксьць вернікаў Грэка-каталіцкай царквы, куды былыя праваслаўныя прыходзяць, у першую чаргу, каб акунуцца ў беларускае асяродзьдзе.

У Віцебску зь 1 сьнежня нарэшце на трох маршрутах трамваяў і тралейбусаў загучаць аб'явы на роднай мове, а зь 1 студзеня, магчыма, і на астатніх.

Вядома, праблемаў яшчэ вельмі шмат. Калі ў некаторых раёнах нават зараз боьшасьць школаў беларускамоўныя, дык у гарадох іх амаль не засталося. У падрыхтоўчых і першых клясах на роднай мове вывучаюць прадметы ў Полацку 62, у Наваполацку 34 вучні, а ў Воршы – ніводнага. Ігнаруецца ўладамі артыкул Канстытуцыі пра роўнасьць моваў і зараз трэба дамагацца выкананьня гэтага артыкула і "Закона аб мовах", якому, дарэчы, 23 студзеня споўніцца 10 год.

Дзеля гэтага, як адзначыў у сваёй прамове зноў абраны на пасаду старшыні абласной арганізацыі ТБМ спадар Іосіф Навумчык, трэба проста дайсьці да кожнага нацыянальна сьвядомага чалавека. Асаблівую ўвагу накіраваць на больш актыўную моладзь, на людзей, якія працуюць ва ўладных структурах. Такіх людзей шмат. Вось і ў склад абласной рады быў абраны кіраўнік аддзелу культуры аблвыканкаму спадар Мікола Пашынскі.

Праца віцебскага абласнога ТБМ атрымала станоўчую адзнаку дэлегатаў. Лепшай у Беларусі назваў яе старшыня рэспубліканскага Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў.

XS
SM
MD
LG