Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Традыцыйна самымі буйнымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі былі суседнія краіны. Такая сытуацыя захоўваецца й цяпер. Аднак аб'ёмы вонкавага гандлю няспынна скарачаюцца. Адзін зь яскравых прыкладаў – гандлёвыя стасункі Беларусі з Украінаю.

Апошнім часам, асабліва пад час нядаўняе выбарчае кампаніі ва Ўкраіне, Аляксандар Лукашэнка дазваляў сабе нямала папрокаў на адрэсу Леаніда Кучмы.

Візыт з нагоды інаўгурацыі ўкраінскага прэзыдэнта зьяўляецца для Лукашэнкі своеасаблівым выпрабаваньнем. Калі ў Кучмы й Лукашэнкі знойдзецца час, каб абмеркаваць праблемы ўзаемнага гандлю, то гэта будзе няпростая размова. У параўнаньні зь мінулым годам узаемны гандлёвы абарот скараціўся больш чым на траціну. За першыя 10 месяцаў сёлета гандаль склаў толькі 560 мільёнаў даляраў.

Як і раней, Беларусь прадае Ўкраіне ўгнаеньні, трактары й аўтамабілі, а таксама прадукцыю нафтаперапрацоўкі. Нягледзячы на тое, што сёлета ва Ўкраіне энэргетычны крызыс і нафтапрадукты ёй вельмі патрэбныя, беларускі экспарт у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году скараціўся амаль на 100 мільёнаў даляраў.

Дарадца ўкраінскай амбасады ў Менску Аляксандар Самадураў растлумачыў таксама, чаму скарачаецца імпарт украінскіх тавараў на беларускі рынак. Паводле ягоных словаў, адмоўную ролю адыгрывае нестабільная фінансавая сытуацыя ў Беларусі, – у першую чаргу вялікая інфляцыя і праблемы з канвэртаваньнем валюты.

Цікава, што некаторыя ўкраінскія прадпрыймальнікі згодныя нават, каб за іх тавары плацілі ў беларускіх рублях. Аднак дзеля гэтага неабходна атрымаць згоду Нацыянальнага банку. Да таго ж, паводле меркаваньня спадара Самадурава, вонкавагандлёвай дзейнасьці ў Беларусі перашкаджае празьмерна складанае заканадаўства, а таксама неабходнасьць атрымліваць разнастайныя ліцэнзіі і дазволы.

Яшчэ адная значная праблема ва ўкраінска-беларускіх эканамічных стасунках – пытаньне запазычанасьці. З таго часу, як краіны былога Савецкага Саюзу атрымалі незалежнасьць, Украіна спрачаецца зь Беларусьсю наконт таго, хто, колькі й каму вінен. Гэтае пытаньне не вырашанае да сёньняшняга дню, нягледзячы на тое, што ўжо некалькі гадоў над ім працуе двухбаковая камісія.

XS
SM
MD
LG