Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

У нядзелю ў Менску ў Нямецкім культурным цэнтры з дакладам "Беларусь у ХХІ стагодзьдзі" выступіла віцэ-старшыня Камісіі Эўрапарлямэнту ў справах адносінаў з Украінай, Беларусьсю і Малдовай Элізабэт Шродэр. Даклад гэты адлюстроўвае галоўныя тэндэнцыі палітыкі Эўрапейскага парлямэнту і Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Аб сваіх поглядах на ролю Беларусі ў Эўропе і на беларуска-расейскую інтэграцыю Элізабэт Шродэр расказвае ў інтэрвію Беларускай праграме Радыё Свабода.

(Карэспандэнт: ) "Пытаньне аб'яднаньня Беларусі і Расеі ў адну фэдэратыўную дзяржаву – гэта ня толькі ўнутраная справа дзьвюх гэтых краінаў. На эўрапейскім кантынэнце зьяўляецца новае міждзяржаўнае аб'яднаньне, аб'яднаньне, якое да заходнеэўрапейскага сьвету, да НАТО, да Эўразьвязу ставіцца не зусім, так бы мовіць, прыязна. З якімі ж настроямі сочаць на захадзе Эўропы і ў эўрапейскіх установах за гэтым аб'яднаўчым працэсам?"

(Шродэр: ) "На маю думку, для беларускай незалежнасьці няма альтэрнатывы. З геапалітычнага пункту гледжаньня незалежная Беларусь вельмі патрэбная Заходняй Эўропе. Але, і я хачу гэта асабліва падкрэсьліць, што незалежная Беларусь моцна неабходная і Расеі. Калі б Беларусь атрымала такі б самы статус, як, напрыклад, Інгушэтыя, дык Расея страціла б вельмі важнага стратэгічнага саюзьніка, які падтрымлівае яе на міжнароднай арэне. І таму, на маю думку, Захад павінен рабіць усё магчымае, каб садзейнічаць умацаваньню беларускай незалежнасьці. І рабіць ён гэта можа толькі актыўна дапамагаючы адраджэньню дэмакратыі ў Беларусі. І вось гэта якраз і была галоўная ідэя майго дакладу ўчора ў Менску".

(Карэспандэнт: ) "Візыт Элізабэт Шродэр у Менск атрымаўся вельмі кароткім. Справа ў тым, што ў мінулы ўікэнд яна таксама наведала Кіеў, дзе правяла сустрэчу зь мясцовымі эколягамі. Але нягледзячы на гэта, віцэ-старшыня камісіі Эўрапарлямэнту ўсё ж такі правяла некалькі сустрэчаў зь беларускімі палітыкамі. Аб чым яна вяла перамовы, якое яе ўражаньне ад беларускай сталіцы?"

(Шродэр: ) "На маю думку, канфэрэнцыя, прысьвечаная ролі Беларусі ў Эўропе ў ХХІ стагодзьдзі, была добра падрыхтаваная, і яна адлюстроўвае заклапочаньне часткі беларускай інтэлектуальнай эліты лёсам краіны. Я лічу, што беларусы маюць вельмі здольных і актыўных палітыкаў, асабліва апазыцыйных інтэлектуалаў. І неабходна стварыць такую сытуацыю, каб яны маглі выкарыстаць свой патэнцыял на карысьць сваёй краіны. З другога боку, і гэта неаднаразова падкрэсьлівалася на канфэрэнцыі, Беларусь страчвае гады. Калі мы параўнаем яе зь яе суседзямі, з Польшчаю, Літвой, Латвіяй і, нават, Украінай, дык, на на думку Эўрапейскага Зьвязу, гэтыя краіны разьвіваюцца куды хутчэй і больш плённа. Дарэчы, тое самае можна сказаць і пра Расею. І толькі Беларусь топчацца на месцы, траціць каштоўны час. Тут няма дэмакратыі і прагрэсу".

(Карэспандэнт: ) "Ёсьць такая даволі спрэчная думка, што Захад выступае супроць інтэграцыі Беларусі з Расеяй ня толькі таму, што гэта зьяўляецца часткаю дапамогі ў адраджэньні беларускай дэмакратыі, але перадусім таму, што гэта супярэчыць яго геапалітычным інтарэсам. Але, калі б да інтэграцыі імкнуліся цалкам дэмакратычныя сілы, ці палітыка Захаду зьмянілася б?"

(Шродэр: ) "Мы ня ў стане паўплываць на гэтае пытаньне непасрэдна. Мы толькі можам ажыцьцяўляць некаторыя захады ў галіне адраджэньня беларускай дэмакратыі. А дапамога ў галіне дэмакратыі – гэта для нас раўназначна падтрымцы беларускай незалежнасьці. Я ўпэўненая, што да канчатковага аб'яднаньня ня дойдзе. У гэтым не зацікаўлены ані сам Лукашэнка, ані Расея. Лукашэнка занадта любіць уладу, а ў выніку аб'яднаньня Масква проста магла б яго пазбавіць яе. Беларусь не малая краіна, і такая краіна ня можа так проста зьнікнуць з палітычнае мапы Эўропы. Незалежная і дэмакратычная Беларусь патрэбная Эўропе. Гэта мост паміж Эўропай і Расеяй. Яна займае вельмі важнае месца ў Эўропе, і калі Беларусь выкарыстае сваё становішча, тут будзе сапраўды назірацца бум у гаспадарчай сфэры".

(Карэспандэнт: ) "Што Выдумаеце аб самім факце хуткага падпісаньня беларуска-расейскай саюзнай дамовы ў Маскве, якое, як вядома, плянуецца ў сьнежні?"

(Шродэр: ) "Што гэта за дагавор такі? Што ён зьмяняе ў адносінах паміж Расеяй і Беларусьсю? Ён практычна мала чаго дадае новага ў параўнаньні з тымі дагаворамі, што былі падпісаныя раней. Ясна, што супрацоўніцтва ў галіне эканомікі павінна быць. Тут не патрэбныя ніякія дагаворы. Тут павінны дзейнічаць аб'ектыўныя законы рынку. Я ня думаю, што атрымаецца хутка ўвесьці супольную валюту. Я таксама ня думаю, што беларусы ня вельмі хочуць служыць у расейскай арміі. Супольны парлямэнт – гэта таксама толькі ў тэорыі добра, тэарэтычна ён бы і мог адыграць пазытыўную ролю. Але агулам, што гэта за дагавор? Гэта – нішто, пусты гук".

Інтэграцыя Беларусі з Расеяй, галоўным ініцыятарам якой выступае Аляксандар Лукашэнка, а дакладней кажучы, як камэнтуюць яе шматлікія палітычныя аглядальнікі – "інтэграцыя Беларусі ў Расею", гэта працэс, за якім пільна сочыць эўрапейскае грамадзтва. Віцэ-старшыня камісіі Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродэр на заканчэньне падкрэсьліла, што пабудова супольнага эўрапейскага дому магчымая толькі ў атмасфэры ўсеагульнага ўзаемаразуменьня, ў тым ліку з Беларусьсю і Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG