Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

У Магілеўскай абласной пракуратуры адмаўляюцца паведаміць падрабязнасьці крымінальнай справы, ў сувязі зь якой быў затрыманы старшыня Быхаўскага райвыканкаму. Тым часам, у Быхаве арыштаваныя яшчэ некалькі чалавек.

У кулюарах Магілеўскага Дому саветаў гавораць, што ў Быхаве ўжо арыштавана 6 чалавек, у тым ліку адзін з чыноўнікаў выканкаму, мясцовы прафсаюзны дзяяч і дырэктар аднаго з прадпрыемстваў.

Сутнасьць справы, паводле тых жа пагалосак, у прыватызацыі аб'ектаў быхаўскага ваеннага гарадку. Але праверыць дакладнасьць гэтай інфармацыі немагчыма. Пракуроры адмаўляюцца і пацьвердзіць і абвергнуць гэтыя факты.

Між тым, ня толькі арышты калегаў псуюць настрой старшыням выканкамаў сельскіх раёнаў вобласьці, але й уласныя праблемы.
Зьняцьцем з пасады то аднаму то іншаму пагражаюць аблвыканкам і камітэт дзяржкантролю.

Учора на паседжаньні Магілеўскага аблвыканкаму, напрыклад, рабіў справаздачу кіраўнік вертыкалі Дрыбінскага раёну Ўладзімер Конанаў. 10 гадоў таму раён быў адноўлены. Усе гэтыя гады раён меў моцную фінансавую падтрымку, але нармальныя ўмовы жыцьця і працы так і ня створаныя, у тым ліку і ў шасьці паселішчах для чарнобыльцаў. Шмат аб'ектаў недабудавана і закансэрвавана. І хаця сёлета на Дрыбін выдаткавана чвэрць будаўнічага бюджэту Магілеўскае вобласьці, а ўсё ж грошай зноў не хапіла. Усе асноўныя паказчыкі праваленыя, у раёне квітнее п'янства, і на глебе алкагалізму ўчыняюцца жудасныя злачынствы.

Старшыня Магілеўскага аблвыканкаму патрабуе ад кіраўніка Дрыбінскага раёну Ўладзімера Конанава зьмяніць спажывецкае стаўленьне да жыцьця і насельніцтва і ўлады, інакш давядзецца адказваць за ўсё.

Іншы кандыдат на звальненьне – старшыня Крычаўскага райвыканкаму Аляксандар Сіваеў. Сітуацыя падобная: прагнозныя паказчыкі ня выкананыя, правал і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасьці. Крычаўскі мясакамбінат працуе толькі два дні на тыдзень з-за адсутнасьці сыравіны. Прадукцыя цэмэнтна-шыфернага камбінату неканкурэнтназдольная за мяжой і нікому не патрэбная ў Беларусі, дзе будаўніцтва ідзе далёка ня хуткімі тэмпамі. На заводзе гумовых вырабаў старога дырэктара зьнялі з пасады, новага няма – ніяк ня ўзгодняць кандыдатуру. Крадуць людзі ў Крычаве па-буйному: 25 тонаў цэмэнту, гумовага абутку больш чым на мільярд рублёў. Камітэт дзяржаўнага кантролю настойваў на зьняцьці з пасады Аляксандра Сіваева, старшыня аблвыканкаму – таксама, аднак выканкам не згадзіўся, бо зьняць з пасады можна, а замяніць няма кім. Ніхо з кампэтэнтных і вопытных спэцыялістаў не згаджаецца заняць такое небясьпечнае месца.

Тым больш што Магілеўскі выканкам ужо абапёкся на прыкладзе Бялыніцкага раёну. За парушэньне тэхналёгіі севу быў вельмі хутка зьняты з пасады Аляксандар Агееў. І справа, нават, ня ў тым, што ён цяпер працуе інспэктарам па кадрах адміністрацыі прэзыдэнта, а ў тым, што на месца Агеева прыйшоў ягоны намесьнік і паказчыкі раёну сталі яшчэ горшымі. Сёньня на падставе вядомага дэкрэту прэзыдэнта аб дысцыпліне можна з трэскам выкінуць з пасады любога старшыню райвыканкаму і ня толькі яго.

За апошні час сапраўды зьмяніўся ледзьве ня кожны кіраўнік сельскіх раёнаў у Магілеўскай вобласьці, толькі вось эканамічная сытуацыя ад гэтых кадравых перастановак, на жаль, зусім не палепшылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG