Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сельская гаспадарка Беларусі імкліва дэградуе. Да такой высновы прыйшлі сябры Нацыянальнага выканаўчага камітэту – ценявага ўраду Беларусі. На сваім сёньняшнім пасяджэньні яны разгледзелі становішча ў аграпрамысловым комплексе.

Вядомы знаўца сельскагаспадарчае галіны – сябра-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка схарактарызаваў тое, што адбываецца сёньня ў беларускай вёсцы, наступнай фразаю: "Сельская гаспадарка Беларусі коціцца ў багну". Паводле выступоўцы, за той час, што Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, колькасьць трактараў у калгасах і саўгасах скарацілася на 30 адсоткаў, грузавых аўтамабіляў – на 45, камбайнаў – амаль на 48.

За гэтымі лічбамі – трывожныя факты. Увесну замест таго, каб адсеяцца да 10 травеня, калгасы расьцягнулі гэтую кампанію аж да канцу месяца. Нявыпадкова, што валавы збор збожжа сёлета склаў усяго 3,5 мільёны тонаў, у той час як Лукашэнка ставіў задачу сабраць 7 мільёнаў.

Сярэдні надой ад каровы сёлета складзе дзесьці 2010 літраў. Столькі ж надойвалі ў 1968 годзе. Упершыню за апошнія 15 год зьнізілася вытворчасьць курыных яек. На аграрным комлексе вісяць пазыкі памерам больш як 100 трыльёнау рублеў, якія, як лічыць сп. Нікітчанка, ніколі ня будуць вернутыя.

"Якое ж выйсьце з гэтага становішча?", – спыталіся сябры ценявага ўраду у свайго калегі. Адказ быў наступны: выйсьце ў неадкладных рэформах. Іван Нікітчанка прывёў наступны надзвычай красамоўны прыклад: цяпер у прыватнай уласьнасьці ў Беларусі знаходзіцца 16 адсоткаў ворнае зямлі. Людзі, якія на гэтых 16-ці адсотках працуюць, вырабілі ажно 48 адсоткаў усёй сельгаспрадукцыі. Што тут далей камэнтаваць?

Удзельнікі пасяджэньня прапанавалі аграпрамысловаму камітэту распрацаваць шэраг законаў у галіне сельскае гаспадаркі. Сп. Нікітчанка, які ўзначальвае гэты камітэт, паведаміў, што такія законы ўжо распрацоўваюцца. Але рыхтуюцца яны, паводле ягоных словаў "пад сталом", – у тым сэнсе, што навукоўцы й практыкі, якія працуюць у дзяржаўных установах, вымушаныя рыхтаваць гэтыя законапраекты цішком, каб не даведалася кіраўніцтва.

Напрыканцы пасяджэньня ягоныя ўдзельнікі разгледзелі пытаньне наконт старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэту. Першым кіраўніком камітэту быў Генадзь Карпенка. Пасьля ягонае сьмерці выконваючым абавязкі стаў Мечаслаў Грыб. Сёньня сябры НВК прагаласавалі за тое, каб ценявы ўрад і далей узначальваў сп. Грыб. Гэтае рашэньне будзе перададзенае дзеля зацьвярджэньня ў Вярхоўны Савет Беларусі 13-га скліканьня.

XS
SM
MD
LG