Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пасьля двух тыдняў перапынку ў Вярхоўным судзе Беларусі аднавіўся працэс над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым, які падазраецца ў службовых злоўжываньнях і крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці ў буйных памерах. Сёньня суд займаўся вывучэньнем дакумэнтаў, што былі сабраныя сьледчымі рэспубліканскае пракуратуры. Адвакаты зьвярнулі ўвагу на тое, што некаторыя з гэтых дакумэнтаў па некалькі разоў дублююцца, а іншыя не падпісаныя.

У перапынку паміж паседжаньнямі суду я пацікавіўся ў адвакатаў, як можна растлумачыць дзіўныя факты, сьведкамі якіх сталі сёньня ўдзельнікі судовага разгляду.

Напрыклад, было агалошанае цэлае дасьледваньне дзейнасьці камэрцыйнае фірмы "Рустінвэст", ад якой быццам бы атрымаў хабар былы міністар Лявонаў, але ў справе не ўказана ані прозьвішча аўтара гэтага твору, ані ўстанова, дзе ён працуе. Ад рукі было напісана толькі: "Аддзел барацьбы з карупцыяй у ворганах дзяржаўнага кіраваньня", – і ўсё. Няўжо магчыма, каб суд разглядаў падобныя ананімкі, і навошта яны ўвогуле ўключаныя ў справу?

Адвакатка Лявонава Вольга Зудава лічыць, што наяўнасьць падобных дакумэнтаў сьведчыць пра жаданьне сьледчых "разьдзьмуць" справу Лявонава, зрабіць зь нічога нешта: "У справе чаго толькі няма – і нікому не патрэбныя справаздачы, кшталту сёньняшняй ананімкі, і цэлыя копіі законаў. Ёсьць нават восем асобнікаў аднаго й таго ж ліста. Відавочна, што сьледчыя думалі не пра якасьць сваёй працы, а пра колькасьць. Камусьці падаецца, што калі ў справе сабрана 36 тамоў дакумэнтаў, то гэта найлепшы доказ віны Лявонава. Між тым, там няма аніводнае паперы, якая сапраўды падцьвярджала б вінаватасьць Лявонава", – кажа Вольга Зудава.

Другі абаронца экс-міністра, Барыс Звозкаў, вынес зь сёньняшняга судовага пасяджэньня меркаваньне, што сьледзтва, разьбіраючыся зь дзейнасьцю фірмы "Рустінвэст", мэтанакіравана шукала кампрамат менавіта на Васіля Лявонава, а на грахі камэрсантаў чамусьці не зьвярнула ўвагу. Барыс Звозкаў узгадвае:

(Звозкаў: ) "Вось сёньня зачытвалі дакумэнты. "Рустинвест", "Руст", "Единство", некаторыя грашовыя апэрацыі, пастаўкі збожжа. Пракаповіча, гэнеральнага дырэктара "Рустинвеста", якога згадвалі ў дакумэнтах, пратрымалі 5 месяцаў у ізалятары, але ў выніку выпусьцілі. Абвінавачаньне яму не было прад'яўленае. Такім чынам, складу злачынства ў дзеяньнях фірмы "Рустинвест" не знайшлі, але чамусьці сюды прычапілі Лявонава. Гэта – мэтанакіраванае выкананьне указаньняў накапаць хоць што-небудзь".

На думку адвакатаў, калі судзьдзі будуць гэтак жа старанна вывучаць усе ананімныя паперкі, сабраныя сьледчымі, дык працэс над Васілём Лявонавым працягнецца яшчэ больш як месяц. Нагадаем, што сам былы міністар яшчэ на пачатку працэсу заявіў, што не вінаваты, але ўпэўнены, што без прысуду яго на волю не выпусьцяць.

XS
SM
MD
LG