Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня споўнілася паўгады з дня трагічных падзеяў на станцыі мэтро "Няміга", у выніку якіх загінула больш як 50 чалавек. У гэты момант, калі нашая праграма гучыць у эфіры, бацькі й сваякі загінулых прыйшлі туды, дзе сьмерць напаткала іхных дзяцей. Праз колькі хвілінаў сьвятары адслужаць малебен, пасьля чаго ў пераходзе плянуецца правесьці паніхіду. Сёньня ж зранку стала вядома, што Пракуратура Беларусі падоўжыла тэрмін сьледзтва.

Прэсавы сакратар Гэнэральнае пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў паведаміў, што тэрмін сьледзтва падоўжаны да Новага году, таму што праваахоўныя ворганы не правялі ўсе неабходныя сьледчыя дзеяньні.

Паводле спадара Таранава, за паўгады сьледчая група не пасьпела апытаць усіх сьведкаў здарэньня. Акрамя гэтага, яшчэ няма ўсіх мэдычных заключэньняў пра зьнявечаньні людзей.

На пытаньне, ці ўлічваюць сьледчыя высновы, што зрабіла грамадзкая камісія па расьледваньню прычынаў трагедыі, прадстаўнік Гэнэральнае пракуратуры заявіў, што праваахоўныя ворганы кіруюцца толькі Крымінальным кодэксам. Згодна зь ім сьледзтва можа праводзіць выключна пракуратура. А таму, паводле словаў Аляксея Таранава, утварэньне й праца грамадзкае камісіі зьяўляюцца антызаконнымі.

Хада сьледзтва – таямніца для ўсіх. Бацькам не дазволілі ўдзельнічаць у працы дзяржаўнае камісіі, якая зрабіла свае высновы раней за сканчэньне сьледзтва. Дарэчы, грамадзкасьць дагэтуль не знаёмая з вынікамі працы гэтае камісіі.

Удзельнікі неафіцыйнага расьледваньня лічаць, што сапраўдная колькасьць ахвяраў перавышае афіцыйныя дадзеныя на 20 чалавек, а пацярпелі 400, а не 155 чалавек. У сьмерці людзей яны вінавацяць Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт і мяйсцовае адзяленьне міліцыі, якія ня здолелі стварыць неабходныя меры бясьпекі й арганізаваць ахову.

За шэсьць месяцаў старшыня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладзімер Ярмошын толькі аднойчы сустрэўся з бацькамі загінуўшых. Чыноўнікі камітэту ня могуць адказаць, калі апошні раз улады аказвалі маральную або матэрыяльную дапамогу сем'ям ахвяраў. Прадстаўнікі гарадзкіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што будаўніцтва храма-помніку на мейсцы трагедыі практычна немагчыма.

Не дачакаўшыся ласкі гарадзкіх уладаў, бацькі загінуўшых самі рупяцца пра захаваньне памяці сваіх дзяцей. Нядаўна на Кальварыйскіх могілках Менску ўсталяваны помнік у выглядзе крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

XS
SM
MD
LG