Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У мінулыя выхадныя расейскія самалёты і гарматы нанесьлі па сталіцы Ічкерыі Грознаму самы страшны бомбавы ўдар за ўсю двухмесячную вайну. Паводле мэра сталіцы Ічкерыі Лечы Дудаева, у Грозным у выхадныя загінулі 500 чалавек, – піша ў сёньняшнім артыкуле на старонках лёнданскай "The Guardian" Ян Трэйнэр.

Нягледзячы на міжнародныя пратэсты і першае папярэджаньне ад Міжнароднага Валютнага фонду, што вайна на Паўночным Каўказе пацягне за сабой спыненьне крэдытаў і заходняй эканамічнай дапамогі, Масква абрынула на Грозны сапраўдную бомбавую залеву.

І ўсё ж, у якасьці першай сур'ёзнай адплаты чачэнскія аддзелы вярнулі пад свой кантроль невялікае мястэчка Новагрозьненскае, што знаходзіцца за 40 кілямэтраў на ўсход ад Грознага ды заявілі, што маюць аптымізм перад боем за сваю сталіцу з колькасна значна большым расейскім войскам.

Тым часам, доўгія чэргі чачэнскіх уцекачоў пасталі на мяжы з суседняй Інгушэтыяй, на тэрыторыі якой знаходзяцца больш як 200 тысячаў іхных суайчыньнікаў.

Паводле расейскага штабу, які знаходзіцца ў месьце Маздок, у выхадныя дні расейскія самалёты зрабілі больш сотні баявых вылетаў, а дыслякаваная на ўзгорках гарматніца без перапынку і няўхільна бамбавала Грозны.

Расейскія ўлады заяўляюць, што яны скінулі на сталіцу Ічкерыі ўлёткі, ў якіх заклікалі цывільнае насельніцтва, якое хаваецца ў падвалах будынкаў, пакінуць Грозны.

Нікалай Кошман, прызначаны Масквой губэрнатарам Чачні, сказаў, што расейскія сілы адчынілі калідор для тых, хто хоча пакінуць сталіцу рэспублікі. Там яшчэ ёсьць невялікая колькасьць людзей, якая мае магчымасьць ўратавацца, – сказаў Кошман .

Учора праз увесь дзень расейскія танкі і пехота пры падтрымцы авіяцыі спрабавалі перарэзаць галоўную дарогу, якая лучыць Грозны з Урус-Мартанам. Супраць расейскага войска стаялі каля 500 чачэнскіх жаўнераў. Нягледзячы на перавагу расейцаў у баявой сіле і тэхніцы, іхныя танкі ня здолелі істотна прасунуцца наперад каб гэткім чынам закончыць поўную аблогу Грознага.

Чачэнскае тэлебачаньне паказала абаронцаў сталіцы і распавяло пра іхны высокі маральны і баявы дух.

Восем тыдняў, – піша "The Guardian", – расейцы пазьбягалі простых сутычак з чачэнцамі, але ў выпадках з Урус-Мартанам і Грозным, яны вымушаныя пачаць падрыхтоўку сваіх жаўнераў да вулічных баёў.

У пятніцу Масква абвесьціла пра новы этап у вайне. Гэтым разам акцэнт зроблены на поўдзень краіны, каб заблякаваць мяжу з Грузіяй і такім чынам ізаляваць Ічкерыю.

Тым часам, у сыботу у Мадрыдзе Старшыня Міжнароднага Валютнага фонду Мішэль Камдэсю, які мае рэпутацыю расейскага спачувальніка, намякнуў, што ўзмацненьне ваеннай кампаніі ў Ічкерыі пацягне за сабой узрастаньне антырасейскіх настрояў у сьвеце. "Мы ня можам працягваць фінансаваньне Расеі, калі ўвесь сьвет выступае супраць ейнай вайны ў Ічкерыі", – гэтымі словамі Мішэля Камдэсю сканчаецца артыкул пра вайну ў Ічкерыі зьмешчаны ў сёньняшнім нумары газэты "The Guardian".

XS
SM
MD
LG